Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі мадэрн
Верым, не засталіся па-за тваёй увагай нашы гайды па беларускіх барока, готыцы і неаготыцы. Сёння даследуем прынцыпова інакшую эстэтыку: разам з МТС разглядаем забудову канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя ў стылі мадэрн. Гісторык мастацтва Зміцер Моніч абраў для матэрыялу як будынкі, якія выдатна захаваліся з часоў пабудовы, так і тыя, з якімі XX стагоддзе было вельмі жорсткае, аднак цяпер, гледзячы на іх пасля рэстаўрацыі ці нават «рэінкарнацыі», можна выдатна ўявіць сабе, што лічылі прыгожым, важным і мэтазгодным у эпоху мадэрну.
Даведка: Перайманне старых формаў готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму на працягу ўсяго XIX стагоддзі завяло архітэктараў у тупік. Наспела неабходнасць выпрацаваць новую мастацкую мову, і ў 80-х гадах гэтым актыўна заняліся па ўсёй Еўропе. Рух, які ставіў за мэту выпрацоўку новага стылю на мяжы XIX–XX стагоддзяў, атрымаў назву «мадэрн», што азначае «сучасны». У розных краінах мадэрн абрастаў нацыянальнымі стылістычнымі асаблівасцямі – і мяняў імёны: у Францыі гэта была архітэктура ар-нуво (art nouveau), у Германіі – югендстыль (jugendstil), у Аўстрыі – сецэсіён (secession). Але былі і агульныя тэндэнцыі. Так, новыя будаўнічыя матэрыялы ў добрым сэнсе развязалі архітэктарам рукі: стала можна будаваць амаль без аглядкі на інжынерыю – жалезабетон і металічныя канструкцыі вельмі трывалыя і ўстойлівыя. Не скаваная абавязковымі формамі і класічнай ордэрнай сістэмай архітэктура становіцца больш пластычнай, эрганамічнай, смелай. Нарэшце можна ўвасабляць ідэі, якія раней здаваліся фантастычнымі, а значыць, настаў час пільней разгледзець, як «будуе» сама прырода, і паспрабаваць увасобіць яе дасканалую недасканаласць у камені.
***
Мінск, дом Свянціцкага
Карла Маркса, 30
Ты мог/магла бываць у гэтым доме – помніку архітэктуры мадэрну, – калі завітваў(ла) у Літаратурны музей Петруся Броўкі. Кватэра паэта знаходзіцца на чацвёртым паверсе, аднак многім наведвальнікам падаецца, што на трэцім. Такое несупадзенне адчуванняў – прамое наступства мадэрновых трукаў. Рознаўзроўневасць – характэрная рыса стылю. Акрамя таго, дом размяшчаецца на горцы, так што рознапавярховасць дыктаваў і рэльеф. На Маркса выходзіць чатырохпавярховае крыло. Крыло на Леніна ў адной частцы чатырох-, а ў другой – трохпавярховае.
Асіметрычны фасад
Будоўля дома вялася ў пачатку ХХ стагоддзя пад кіраўніцтвам Генрыха Гая (які, дарэчы, займаўся і праектам Чырвонага касцёла). А належаў дом лекару Зыгмунду Свянціцкаму – на рашотцы ўваходных дзвярэй дагэтуль можна разглядзець вензель з пераплеценымі Z і S. Кватэры тут Свянціцкі здаваў у арэнду.
Чэрпаючы натхненне ў вобразах прыроды, архітэктары мадэрну вельмі любілі раслінныя матывы, і на доме Свянціцкага ты можаш разгледзець фларыстычную ляпніну. Чыгунныя элементы на балконах і лесвіцах таксама «віюцца», як вінаградная лаза, дзе-нідзе сплятаючыся ў завіткі і лісце. Падхоплівае тэму і ўзор на метлахскай кафлі ў пад'ездзе.
У пад'езд зазірні абавязкова – тут таксама ёсць што паразглядаць. Для лепшай асветленасці над лесвіцамі сто гадоў назад стваралі шкляныя ліхтары і светлавыя студні. У доме Свянціцкага ёсць такая «шклянка», а з некаторых вокнаў кватэр можна ўбачыць светлавую студню – вузкую прастору, з усіх бакоў акружаную сценамі. Сонечнае святло падае ў студню і праз вокны пранікае ў кватэры жыхароў, робячы жыццё ў іх камфортнейшым.
***
Мінск, дом ля «Аліварыі»
Кісялёва, 28
Асаблівыя аконныя парталы
Гэты дом быў пабудаваны ў канцы ХIX стагоддзя, як мяркуецца – разам з заводам графа Караля Чапскага «Багемія» (цяпер – «Аліварыя»), які варыць пенны напой праз дарогу. На другім паверсе дома жыў кіраўнік завода, на першым кватаравалі прыезджыя камерсанты. Падчас Другой сусветнай вайны дом моцна пацярпеў, але сцены былі дастаткова тоўстымі, каб вытрымаць напор агню.
Будзеш тут – паглядзі на акно над кветкавай крамай. Архітэктуру мадэрну часта можна апазнаць менавіта па такім ці падобным афармленні аконных і дзвярных парталаў: калі круг ці канцэнтрычныя кругі перасякаюцца вертыкальнымі лініямі. На першы погляд рашэнне можа здацца стыхійным, на другі становіцца відавочна, што акно ў доме на Кісялёва павінна нагадваць дрэва з акуратнай пышнай кронай. Зноў прыродныя матывы.
***
Мінск, дом Кастравіцкай
Кірава, 11
Эркер
Шкляны плафон над лесвіцай
Даходны дом Ядвігі Кастравіцкай быў пабудаваны ў 1911 годзе архітэктарам Атонам Краснапольскім. На верхніх паверхах жылі арандатары, а на першым пры тагачаснай гаспадыні размяшчалася ўпраўленне Лібава-Роменскай чыгункі і аптэка.
З асаблівасцяў архітэктуры адзначым розныя па канфігурацыі дзвярныя і аконныя праёмы. Архітэктары мадэрну свядома імкнуліся да такой размаітасці. Яны пазбягалі асіметрыі і шукалі спосабы не паўтарацца, бо ў прыродзе не сустрэнеш дзве ідэнтычныя паловы аднаго цэлага.
У доме Кастравіцкай позірк чапляецца за трапецападобныя праёмы. У «рыфму» з гэтымі праёмамі архітэктар да паўцыркульнага атыку (дэкаратыўнага завяршэння фасада) дадаў атыку трапецападобныя. Рознаўзроўневасць будынка працягваецца на ўзроўні міжаконняў і карнізаў. Кантраст тэракотавай цэглы і абтынкаванай паверхні афармляе гэтую ідэю ў колеры, а радок арнаменту дадаткова акцэнтуе багацце выгінаў і заломаў. Яшчэ адна яркая мадэрновая прыкмета – зрэзаны кут: на ўзроўні другога паверха ў доме збудаваны эркер (гэта цалкам ці часткова зашклёная частка памяшкання, якая выходзіць з плоскасці фасада).
Заходзім у пад'езд – трыумф трапецый працягваецца. Як і ў іншых дамах стылю мадэрн, шмат увагі тут нададзена лесвіцы – функцыянальнаму ядру дома. Прытрымліваючыся правілаў асіметрыі, архітэктары не праектавалі яе строга па цэнтры і надавалі лесвіцам новыя мудрагелістыя формы. На лесвіцу дома Кастравіцкай праз шкляную канструкцыю, якая вянчае будынак, падае натуральнае святло.
Мінск, дом Ліўшыца
Інтэрнацыянальная, 16
Даходны дом Саламона Ліўшыца быў пабудаваны ў 1913 годзе, пра што сведчыць надпіс на франтоне. Акрамя кватэр у ім размяшчалася банкаўская кантора. Калі будзеш гуляць паблізу, раім яшчэ раз разгледзець яго па-майстэрску дэкараваны фасад.
Маёлікавыя пліткі
Для ўпрыгожвання сцен архітэктары пачатку ХХ стагоддзя выкарыстоўвалі самыя розныя сродкі: тынкоўку, кафлю, камень, маёліку. У выпадку з домам Ліўшыца ў ход пайшлі кафля керамічная і кафля шкляная. А яшчэ звярні ўвагу, як смела тут былі скамбінаваныя розныя па фактуры паверхні: гладкае чаргуецца з шурпатым і нават з грубаватым – амаль неачэсаным каменем. Мадэрн любіў такую гульню. Як і спалучэнне кідкіх колераў з прыглушанымі. У падыходзе «спалучаць як быццам неспалучальнае» не было нічога знарочыстага, бо ў асяроддзі, якога чалавек ніколі не дакранаўся, мы таксама назіраем суседства абсалютна розных навобмацак паверхняў, розных фарбаў, розных аб'ёмаў. Дойліды таго часу імкнуліся да натуральнай разнастайнасці.
***
Мінск, дом Абрампольскага
Савецкая, 17
Дом дырэктара банка Эмануіла Абрампольскага быў пабудаваны ў 1912 годзе па праекце Станіслава Гайдукевіча. У верхніх пакоях жыў гаспадар з сям'ёй, а пакоі на першым паверсе здымала знакамітая мецэнацкай дзейнасцю княгіня Марыя Магдалена Радзівіл. Пасля нацыяналізацыі ў гэтым будынку размясціліся чэкісты і партыйныя дзеячы, а падчас Другой сусветнай вайны падпольшчыкі збіраліся тут на канспіратыўнай кватэры.
Якія рысы стылю мадэрн адзначым? Галоўны фасад будынка, дзе сёння працуюць чыноўнікі Мінгарвыканкама, амаль сіметрычны, аднак не можам не звярнуць увагі на мансарду-трапецыю і зрэзаны заходні вугал – характэрныя асіметрычныя дэталі. Вуглавы зрэз увянчаны невысокім атыкам з датай пабудовы, аформленай лацінскімі літарамі. Пластыку фасада насычаюць ляпныя віньеткі і гірлянды.
***
Гастініца «Еўропа», Мінск
Інтэрнацыянальная, 28
Фота: vetliva.ru
У эпоху мадэрну архітэктары і інжынеры выкарыстоўвалі сучасныя матэрыялы і канструкцыі не толькі для будоўлі, але і для абсталявання дамоў. Тады ў грамадскіх будынках пачалі з'яўляцца ліфты. Першы публічны ліфт у Мінску з'явіўся там, дзе па шасці паверхах трэба было развозіць дарагіх гасцей, – у гатэлі «Еўропа».
Той гатэль, які мы назіраем цяпер, – гэта адноўленая версія былой «Еўропы», таксама перабудаванай – у 1906–1909 гадах. На жаль, пасля нямецкай акупацыі ад будынка амаль нічога не засталося, і зноў прыняць гасцей гасцініца змагла праз шэсцьдзесят з лішнім гадоў. Аднак рысы мадэрну адшукаць тут можна: скруглены вугал, балконы рознай формы, варыянтныя завяршэнні фасадаў, ляпніна з расліннымі матывамі. Вось такі пяцізоркавы мадэрн атрымаўся.
***
Гомель, дом Грошыкава
Білецкага, 5
Фота: stomais.livejournal.com
Архітэктар Станіслаў Шабунеўскі адыграў важную ролю ў фарміраванні аблічча Гомеля ў пачатку ХХ стагоддзя. Ён спраектаваў шмат сацыяльна значных будынкаў: земскую лякарню, мужчынскую гімназію, банкі, гасцініцу, завадскі корпус, мноства жылых дамоў. Шабунеўскі ўзводзіў будынкі ў стылях класіцызм і мадэрн, звяртаўся да сумесі класіцызму і мадэрну, спрабаваў сябе ў рускім стылі, а пазней – у стылі канструктывізм. Гаворачы пра мадэрн, затрымаемся ля даходнага дома купца Грошыкава.
Разнабой у афармленні аконных праёмаў, а таксама дзвярны праём з характэрнай акружнасцю дазваляюць без сумневаў вызначыць стыль. Але звярні ўвагу яшчэ і на балкон: нават калі ў архітэктара не было магчымасці або творчай задачы зрабіць круглявым яго аснову, ён імкнуўся згладзіць прамізну вуглоў мудрагелістымі лініямі каваных рашотак.
***
Гомель, Дом Захар'іна
Савецкая, 20
Фота: orda.of.by
Яшчэ адзін праект Станіслава Шабунеўскага, але гэтым разам рэканструкцыя ўжо існай адна- і двухпавярховай забудовы па Румянцаўскай вуліцы. З лёгкай рукі Шабунеўскага гэты дом займеў трэці паверх і характэрнае мадэрновае завяршэнне фасада. Падчас Другой сусветнай вайны будынак быў разбураны, яго аднавілі ў 50-х.
Цэнтральная частка фасада выдзелена паўкруглымі і эліптычнымі скляпеннямі. Уваходныя групы першага паверха ўпрыгожаны пілястрамі і ляпной вінаграднай лазой. Вокны-вітрыны, як бачым, не аднатыпныя. На першым паверсе вокны чаргуюцца з пілястрамі і кесонамі (паглыбленнямі), а самыя ўпрыгожаныя тут – вокны другога яруса, аб'яднаныя па два і па тры: іх аздабляюць арачныя сандрыкі (палічкі над ліштвай) з разеткамі і карнізы з радка каласоў з кесонамі.
***
Гродна, дом Тальгейма
Леніна, 22
Пабудаваны ў 1911 годзе на замову доктара Міхаіла Тальгейма і з улікам асаблівасцяў яго працы. На першым паверсе меліся прыёмная, кабінет і нават дзве палаты, а для наведнікаў быў прадугледжаны асобны ўваход. У эпоху мадэрну будынкі ўвогуле станавіліся ўсё больш утылітарнымі і зручнымі для чалавека – новыя матэрыялы і тэхналогіі дазволілі архітэктарам быць вальнейшымі ў рашэннях. Нарэшце стала можна дамагацца сапраўднага адзінства экстэр'еру і інтэр'ера, і да афармлення інтэр'ера падыходзілі ўсё больш індывідуальна – дом адпавядаў характару людзей, якія збіраліся ў ім жыць і/ці працаваць.
Дом лекара Тальгейма цікавы яшчэ і тым, што гэта беларускі прыклад так званага паўночнага мадэрну, які быў распаўсюджаны на тэрыторыях Швецыі і Фінляндыі. Для яго характэрна выкарыстанне грубых прыродных матэрыялаў пры абліцоўванні будынкаў і простых лаканічных формаў, якім так адданыя скандынавы. У духу паўночнага мадэрну падмурак дома Тальгейма абліцаваны каменем, а яго фасад увянчаны стылізаваным купалам, пакрытым чарапіцай.
***
Гродна, дом Крэйцара
Сацыялістычная, 44
У Гродне знаходзіцца, бадай, самы ярка дэкараваны будынак у стылі мадэрн – дом купца Уладзіміра Крэйцара. Сярод мясцовых ён вядомы таксама як «дом з лілеямі» – паводле дамінантнага дэкаратыўнага элемента. Кветкі лілей тут нібы прарастаюць са сцяблін, якія цягнуцца па фасадзе. Мы ўжо адзначалі, што мадэрн любіць фларыстычныя матывы: на фасадах можна назіраць раслінную ляпніну і дэкаратыўныя элементы з кветкавымі патэрнамі. Унутры будынкаў гэты лейтматыў часта падтрымліваўся ў афармленні пад'ездаў і пакояў. Кветкі маку, лілей, касачоў, водных раслін «апляталі» будынкі звонку і ўсярэдзіне – як вышыўка па тканіне.
Нехарактэрная для мадэрну гарызантальная сіметрыя дома Крэйцара ўраўнаважаная цякучымі формамі каваных балконных агароджаў і аконных парталаў. Пастэльныя прыглушаныя тоны таксама працуюць на згладжванне.
Цяпер у доме функцыянуе «БНБ-Банк», які набыў будынак у 2007 годзе і з тых часоў займаўся яго аднаўленнем. Ляпніну здымалі з фасада і стваралі зноўку – па элементах, якія захаваліся. Былі адрэстаўраваныя драўляныя аканіцы і дзверы (у якіх, дарэчы, захавалася старая замочная шчыліна, толькі ёю ўжо не карыстаюцца). Унутры на другім паверсе аднавілі печ з кафляй, пакрытай зялёнай глазурай, а ў пакоях па фрагментах арыгіналаў аднавілі столевыя разеткі з гіпсу.
***
Гродна, дом Мураўёва
Савецкая плошча, 2
Балконы абцякальнай формы
Дом быў пабудаваны ў канцы ХIX стагоддзя для купца Івана Мураўёва. Тут месціліся яго крама і жылыя пакоі для сям'і. Як на свой час, дом быў аформлены вельмі багата: гербавыя шчыты, кафляныя печы, вытанчаная коўка, майстэрская ляпніна. Гавораць, многіх гараджан раздражняў гэты шык. Як бы там ні было, мы вымушаны дамалёўваць яго ў сваім уяўленні. Амаль усё ўбранне, калі не згінула ў савецкія гады, знікла ў 90-х, калі будынак аказаўся «заброшкай» – адсюль вынеслі нават чыгунныя элементы.
У 2019 годзе будынак выкупіў гродзенскі бізнэсмэн Станіслаў Сямашка. У новай іпастасі дом Мураўёва – гэта рэстаран і гатэльныя нумары, у якіх атмасферы ХХ стагоддзя ты не адчуеш. Аднак звонку стыль чытаецца: разнамасныя вокны, каваныя балконы, згладжаныя вуглы і шмат-шмат дробных дэталяў на фасадзе.
***
Бабруйск, дом на Пушкіна, 136/52
Фота: bobr.by
Паводле розных дадзеных, у 1900 годзе гэты будынак з'явіўся як дом заможнага гандляра. Падчас вайны тут быў нямецкі штаб, пасля размясціўся дзіцячы дом, цяпер – бібліятэка.
Фасад будынка раздзелены руставанымі пілястрамі. Рустоўка – гэта абліцоўка чатырохкутнымі, шчыльна прыгнанымі адзін да аднаго камянямі, пярэдні бок якіх або пакінуты як ёсць, або абчасаны знарочыста груба (лацінскае слова "rusticus" якраз азначае "вясковы, грубы, просты"). Рустоўку выкарыстоўвалі яшчэ рымляне, у тым ці іншым выглядзе тэхніка выяўлялася ў самых розных стылях. У мадэрне ёй карысталіся, бо яна дазваляла дадаць грубую фактуру ў палітру фактур. Дэкор дома на Пушкіна даволі мудрагелісты: зубчыкі, выступы, нішы. Самы незвычайны элемент – атык, дэкаратыўная сценка над карнізам, форму якой без карцінкі і не апішаш, вельмі цікавая.
***
Бабруйск, дом Кацнэльсон
Інтэрнацыянальная, 25
Гэты пункт нашага маршруту адметны тым, што іншых драўляных будынкаў у стылі мадэрн у Беларусі ты не знойдзеш. Па нешта падобнае трэба ехаць у краіны Балтыі. Кажуць, купчыха Пая-Брайна Кацнэльсон і купіла гэты дом недзе ў тых краях. Яго прывезлі ў Бабруйск па частках і сабралі ў 1912 годзе.
Вокны рознай формы
Невядомы стваральнік гэтага дома віртуозна пагуляў з аб'ёмамі: тут табе і вежы з шатрамі, і круглявая мансарда. Фасад увесь «разлінаваны»: карнізы, аканіцы, ліштвы. А яшчэ тут вельмі характэрныя вокны. У эпоху мадэрну вокны ў жылых і грамадскіх будынках маглі быць рознага памеру, размяшчацца на розных узроўнях і ўвогуле выглядаць так, быццам гэта кампіляцыя вокнаў з розных дамоў. Часта яны мелі авальную або арачную форму з перакрыццямі, маглі ўпрыгожвацца вітражамі з расліннымі матывамі.
***
Брэст, дом Грынберга
Савецкая, 101
Фота: «Виртуальный Брест»
Цяпер тут месціцца аптэка №3, пры якой працуе цікавы пакой-музей аптэчнай справы. Ад самага пачатку гісторыя гэтага дома звязаная з фармацэўтычнай справай – першы паверх праектаваўся пад аптэку, і колькі ні мянялася ўлада, у будынку заўсёды гандлявалі лекамі.
Жонка архітэктара Саламона Грынберга Фаіна была адной з першых жанчын-правізараў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю: яна вучылася ў Кіеўскім медуніверсітэце. Уласна, для сваіх сям'і і справы Грынберг і спраектаваў гэты трохпавярховік у 1923 годзе.
Цікавы канструктыўны элемент тут – эркер. Акрамя таго, што эркеры «нарошчвалі» жылыя метры ў будынку, для архітэктараў эпохі мадэрну гэта быў яшчэ і спосаб пазбегнуць манатоннасці і прадказальнасці – уласцівасцяў, ад якіх так далёкая заканадаўца стылю – прырода.
***
Магілёў, дом на Мігая, 13
Фота: photobuildings.com
Будынак былога крэдытнага таварыства пачатку ХХ стагоддзя – яркі помнік архітэктуры мадэрну ў Магілёве. У зрэзаным вугле аформленая ўваходная група з атлантамі. Асілкі трымаюць не каваны, але ўпэўнена круглы балкон. Сціплыя прастакутныя аканіцы суседнічаюць з вялікімі паўцыркульнымі, прычым рознай шырыні. Фасады ўвянчаныя мудрагелістымі атыкамі, а з дробнага дэкору абавязкова звернем увагу на лісткі.
Зрэзаны кут фасада
***
Пінск, Палескі драматычны тэатр
Харужай, 10
Стылізаваны купал
Палескі драмтэатр заняў гістарычны будынак кінатэатра «Казіно», які быў пабудаваны ў 1911–1912 гадах на сродкі першаадкрывальніка кіно ў гэтых краях – Давіда Баярскага.
Кінатэатр павінен быў вырасці на скрыжаванні, і яго архітэктар скарыстаўся бяспройгрышным для такіх выпадкаў прыёмам акцэнтавання забудовы: ён спраектаваў вуглавую вежу. Вежа была квадратная ў плане (і пры рэканструкцыі ў 2000-х яе такой аднавілі), а вянчаў яе васьмігранны высокі купал, пакрыты «лускавінкамі», з вокнамі ў выглядзе пялёсткаў. У будынках мадэрну даволі часта сустракаюцца стылізаваныя вежы і купалы, часцей за ўсё круглявай, кантаванай або сферычнай формы. Ніякай канструктыўнай нагрузкі ў такіх элементах не было – чыстая прыгажосць.
Фота: palasatka. Ілюстрацыі: Olga Rummo.
ООО «ЭфСиБи Бел»
УНП 193185741