Ліда

|

Гайды

|

Аўтар:   34travel

|

  13040

Ліда не абдзеленая ўвагай вандроўнікаў па Беларусі, бо яна можа паказаць ім суровы замак, напаіць свежым півам, а калі з датамі складзецца, то яшчэ і пацешыць на вялікім оўпэн-эйры. Пры гэтым горад з кожным прыездам можа раскрывацца па-новаму і варты самага ўдумлівага даследавання – улічы, што класныя месцы знаходзяцца не толькі ў цэнтры, а дзесьці на шляху з пункту А ў пункт Б цябе сапраўды чакаюць уласныя спантанныя адкрыцці.

 

 

Змест гайда:

Транспарт    Жытло    Культурная праграма    Ежа/Кава

бары    Шопiнг    Лiдскi раён    Лайфхакi/INFO

 

 

 

З Менска ў Ліду зручней за ўсё дабірацца на аўто ці маршрутцы, але для асаблівых рамантыкаў ёсць яшчэ дзве опцыі: аўтобус і цягнік.

  Дарога на аўтобусе ў сярэднім займае 2,5-3 гадзіны. Стандартны кошт квітка – каля € 6. Актуальны расклад шукай на minsktrans.by, квіткі браніруй на ticketbus.by.

  Калі любіш падарожнічаць цягнікамі, то Ліда – вельмі ўдалы кірунак. Цяпер туды ходзяць хуткасныя «бізнэсы» за 2,5 гадзіны і €6. Звычайныя цягнікі крыху павольнейшыя, але бюджэтнейшыя. У дарозе давядзецца правесці каля 3 гадзін, затое самыя танныя білеты абыдуцца ў €3. Купіць квіток анлайн можна на сайце чыгункі.

  Самы зручны варыянт – маршруткі. Кошты супастаўныя з коштамі на аўтобус, але ходзяць маршруткі часцей, у іх звычайна ёсць Wi-Fi і можна выбіраць з некалькіх перавозчыкаў, а ў іх бываюць розныя акцыі і прома-тарыфы. Папулярныя варыянты: Atlas, «Лідская страла», LidaPlus.

Дарога на аўто зойме 1,5 гадзіны – каля 160 кіламетраў. Па шляху – Валожын і Іўе, у якія таксама можна зазірнуць (гл. ніжэй пункт «Наваколле»).

 

 

 

 

  Гатэляў у Лідзе зусім няшмат. Калі хочаш адчуць сябе класічным турыстам, можаш спыніцца ў гасцініцы «Ліда» (вул. Грунвальдская, 1) ці гатэлі «Кантынент» (вул. Кірава, 8). Нумары крыху «на аматара»: са скуранымі крэсламі і драўлянымі ложкамі. Кошты – ад € 16 да € 60 за ноч. Затое лакацыя выдатная: першая – проста ля Лідскага замка, другі – у пары метраў ад вуліцы з найлепшай кавярняй.

  На ўскраінах горада ёсць яшчэ два гасцінічныя комплексы. Aghrougolok Hostel (вул. Лугавая, 24) размясціўся на ўездзе ў Ліду – такі імправізаваны хостэл у жылым доме. Нумары вельмі простыя: з некалькімі ложкамі, агульным душам і прыбіральняй. Затое забаў тут поўна: і басейн, і сілоўня, і барбекю, і настолкі. І, дарэчы, гаспадары ветлівыя, прастора – дог-фрэндлі, а кошты – самыя нізкія (ад € 10 за ноч).

  «Ліда Драйв Плюс» (зав. Фамічова, 1) – зусім на іншым канцы горада. Па камфорце – лепшы з трох папярэдніх варыянтаў. У нумарах ёсць і душавая, і прыбіральня, і тэлевізары. На тэрыторыі – кухня і бар. А яшчэ тут асабліва спадабаецца аматарам рухомага адпачынку: гасцініца працуе пры спортклубе, так што можна згуляць у тэніс, зімой прапануюць канькі і цюбінг.

  Нашмат прасцей здымаць у Лідзе кватэру на суткі. Так ты застанешся ў межах горада і зэканоміш на жытле. Найбольш зручна шукаць варыянты на сайтах flatbook.by, domovita.by, kvartiranasutki.by, realt.by. Ёсць варыянты проста пад сценамі Лідскага замка, на вуліцы Замкавай.

  У Лідскім раёне шмат класных аграсядзіб, у якіх можна адпачыць удваіх ці з кампаніяй. Але лакацыі іх, хутчэй за ўсё, не парадуюць тых, хто едзе ў горад на пару дзён. Размешчаны яны ў 10-20 кіламетрах ад горада – для мясцовых гэта ўжо паўнавартаснае падарожжа. Калі накіроўваешся ў Ліду ненадоўга, выбірай што-небудзь у межах цэнтра. Хочаш завіснуць у раёне на нейкі час, тады браніруй сядзібу – тут іх цэлы спіс.

  Ну і максімальна бюджэтны варыянт для тых, хто звык да прыгод, – Couchsurfing. Цяпер там даступна больш за 600 хостаў у Лідзе. Не ўсе яны, вядома, анлайн 24/7, але паспрабаваць можна. Атрымаецца суперэканомны трып з жыллём і мясцовым гідам.

 

 

 

Ліда напраўду спадабаецца тым, хто стаміўся ад «гарадоў па коле». Тут без праблем можна скласці маршрут на некалькі кіламетраў наперад са славутасцямі, паркамі і ўстановамі.

Стартаваць рэкамендуем ад Лідскага замка (вул. Замкавая, 1) – усё ж візітоўка горада, – які ў 1323 годзе пабудаваў вялікі князь Гедымін. Гісторыя замка да XIX стагоддзя цябе зусім не здзівіць – яму перыядычна даставалася ад набегаў крыжакоў, крымскіх татараў, войскаў Маскоўскага княства, шведаў. Да канца гэтага перыяду ён быў зусім не ў лепшым стане. Але ў 1892-м усё стала зусім кепска. Тады Ліда гарэла, і многія будынкі ў цэнтры пацярпелі. Каб аднавіць горад, мясцовыя ўлады вырашылі прадаваць цэглу і камяні ад Лідскага замка. Пра гэта даведаліся ў Імператарскай археалагічнай камісіі – і помнік вырашылі аднавіць.

Цяпер замак знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Дзве вежы ўжо адрэстаўравалі. Туды можна трапіць з экскурсіяй ці без яе. Стандартны ўваходны квіток каштуе € 3,5, паслугі гіда – € 4–12 (самая дарагая экскурсія ахоплівае замкавы двор, дзве вежы, паўднёвую і ўсходнюю баявыя галерэі; калі часу не так шмат, можна выбраць экскурсію ў фармаце экспрэс або абмежавацца адной вежай) . З цікавага круглы год – катоўня ў лёхах і выстава даспехаў пад самым дахам. Узімку замак часта ачапляюць дзеці – катаюцца з горкі. А летам – моладзь: там праводзяць рыцарскія фэсты і фаер-шоу, дыскатэкі і лазерныя шоу.

Адразу за замкам – помнік Гедыміну. Усталявалі яго ў 2019 годзе, афіцыйна адкрылі падчас фестывалю Lidbeer. «У Ліду нарэшце вярнуўся яе гаспадар», – сказалі тады. А цяпер – пацвярджаем – ён усё яшчэ на сваім месцы.

Крыху далей – Фарны касцёл Узвышэння Святога Крыжа (вул. Замкавая, 2) у стылі позняга барока. Яго пабудавалі ў 1770 годзе, і з таго часу ён практычна не змяніўся: усё тая ж трохнефавая базіліка (праўда, ужо без вежаў), усё той жа прастакутны алтар, усё тыя ж фрэскі і скульптуры. І, дарэчы, тут захоўваецца ікона Божай Маці, якую ў XIV стагоддзі ў Беларусь прывезлі францысканцы.

Злева ад касцёла – два помнікі. Першы – масіўны камень, які ўсталявалі ў гонар заснавання горада, – уражвае, але не здзіўляе. Другі – цікавейшы – помнік Францішку Скарыну: першы помнік, усталяваны ў незалежнай Беларусі. Дарэчы, на адваротным баку ёсць «пасхалка» – там скульптар адлюстраваў самога сябе. Знаёмся, гэта Валерый Янушкевіч.

Калі пойдзеш проста па Савецкай (працяг вуліцы Замкавай), прыйдзеш да мясцовага Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры (вул. Савецкая, 12). Там працуе пастаянная экспазіцыя з народнымі касцюмамі, ткацкімі станкамі, гліняным посудам і саламянымі ўпрыгожаннямі, ёсць тэатр «Батлейка» і крама з сувенірамі.

Яшчэ адзін храм, варты тваёй увагі, – Свята-Міхайлаўскі сабор (вул. Савецкая, 20). У мінулым – касцёл пры манастыры, у 60-х гадах – планетарый, цяпер – праваслаўная царква. Ад першапачатковай пабудовы тут захаваліся будынак кляштара і званіцы, якім амаль 200 гадоў.

На паралельнай вуліцы размясціўся мясцовы Гісторыка-мастацкі музей (вул. Перамогі, 37а). Акрамя пастаяннай экспазіцыі пра горад, там часта выстаўляюць работы мастакоў з Ліды і іншых гарадоў Беларусі. Ён часам становіцца пляцоўкай для канцэртаў і фэстаў. Адзіны ўваходны білет на ўсе выставы – €2.

Альтэрнатыва гэтаму музею – галерэя Ga11ery (вул. Хімікаў, 6а). Там таксама выстаўляюцца мясцовыя мастакі і таксама ладзяць івэнты (звычайна канцэрты), звязаныя з мастацтвам. Галерэя з'яўляецца рэзідэнтам культурна-дзелавога хаба Wega Social Club, які дае пляцоўкі пад класны культурніцкі варушняк: можна трапіць на канцэрт альтэрнатыўнага гурта, майстар-клас па якой-небудзь хітрамудрай арт-тэхніцы ці тэатральную пастаноўку.

Па дарозе ў галерэю ці з яе дакладна будзеш праходзіць Лідскі піўзавод (вул. Міцкевіча, 32). Там абавязкова варта зазірнуць у Музей лідскага бровара, экспазіцыя якога займае ажно чатыры паверхі гістарычнага будынка бровара, адрэстаўраванага спецыяльна пад выставачную прастору. Што ўнутры: экспанаты, якія расказваюць аб тэхналогіі стварэння піва сто гадоў таму і сёння; адукацыйныя відэаінсталяцыі, дэгустацыйная зала. Засумаваць тут не атрымаецца, бо музей інтэрактыўны: асобныя аб'екты можна чапаць, перамяшчаць і нават каштаваць. На першым паверсе даведаешся больш пра гісторыю піваварства і ролю бочак у гэтым працэсе, разгледзіш бутэлькі і этыкеткі канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя. Другі паверх прысвечаны водарам, тут жа можна азнаёміцца са стылямі піва і формамі піўных куфляў. Трэці паверх адведзены пад гісторыю ўласна «Лідскага піва», а на чацвёртым наведнікам прапануюць пакаштаваць розныя гатункі брэнда. Дэгустацыю суправаджае аповед пра культуру піцця і пра тое, як каштаваць хмельны напой, каб адчуць усе нюансы яго смаку. Важна: музей не працуе ў панядзелак і аўторак. Білеты можна забраніраваць анлайн. Кошт – € 8 (пры куплі ад пяці квіткоў даюць зніжку 10%).

Канчатковы пункт твайго маршруту – «Курган Славы» (вул. Ленінская) у парку, побач з якім можна гуляць бясконца. Там ёсць дарожкі для веласіпедыстаў, скейтараў і ролераў, ёсць сцежкі для пешаходаў і масткі. На лавачках часта тусяць хлопцы з гітарамі. Побач – рэчка. Адным словам – добра.

 

 

Ліда – буйны гістарычны цэнтр броварства, а «Лідскае піва» варыцца без перапынку ўжо 146 гадоў – з тых самых часоў, як у 1876 годзе прадпрымальны Носель Пупко запусціў сваю хмельную вытворчасць. Таму дзе, калі не ў Лідзе, павінен быў з'явіцца музей, які расказвае пра пенны напой усё-ўсё-ўсё? Увесну 2022 года Музей лідскага бровара прыняў першых гасцей.

У інтэрактыўным музеі размясціліся сотні экспанатаў, сярод іх ёсць рэчы, якія ты не ўбачыш больш нідзе. Тут можна даведацца больш аб працэсе стварэння піва, разабрацца ў прынцыповых адрозненнях гатункаў гэтага напою, ацаніць эстэтыку бутэлек, этыкетак, куфляў. У музеі і навучаць пісьменна каштаваць піва, і дадуць адразу пусціць новыя веды ў справу – дэгустацыя ўключаная ў праграму.

  Запісацца на экскурсію з дэгустацыяй можна анлайн. Музей працуе з серады па нядзелю з 10:00 да 18:00. Экскурсія доўжыцца 1 гадзіну 45 хвілін, білет каштуе 20 рублёў.

  За абнаўленнямі экспазіцыі Музея лідскага бровара і тэматычнымі навінамі зручна сачыць у Instagram, які вядзецца ад асобы самога заснавальніка «Лідскага», і TikTok, у якім шмат смешнага і пазнавальнага.

***

Дарэчы, летась у рамках праекта музея «Фэст экскурсаводаў» стварылі класны аўдыягід па Лідзе: пра багатую гісторыю горада расказвае культуролаг і мастацтвазнаўца Мікіта Моніч. Атрымаўся выдатны саўндтрэк для шпацыраў па горадзе, цісні на play.

 

 

 

 

  Дом гандлю, або «таргаш» (вул. Ленінская, 14) – бадай, самае легендарнае месца ў Лідзе. З таннымі піражкамі, піцамі з далонь, пірожнымі-кошыкамі і кавай з пакеціка. Лічым, што для разумення мясцовага каларыту «таргаш» да наведвання абавязковы.

  Нацыянальныя стравы падаюць у кавярні «Сябрына» (вул. Савецкая, 12). Там ёсць і дранікі, і мачанка, і каўбаскі. Хутчэй за ўсё, кухар будзе гатаваць толькі для цябе, таму што наведнікаў ва ўстанове звычайна зусім няма. Кошты – дэмакратычней не бывае.

  Па грыль-меню ідзі ў «Грыль-бар 1323» (вул. Замкавая, 7), дзе прыгатуюць галёнку, рэбры, шашлык, рыбу і любое іншае мяса. У дадатак да іх – салаты і закускі. І нядрэнны від на горад з акна – у інстаграме ўстановы без фальшывай сціпласці абяцаюць самую прыгожую лакацыю ў горадзе.

  Каля піўзавода (вул. Міцкевіча, 32) размясціўся продак мінскіх бараў «Лідскае піва». У інтэр'еры – усё па-багатаму, у меню – цалкам даступна. Прапануюць стравы беларускай і еўрапейскай кухні, квас і піва проста з завода.

  Рэстабар Vashi Guli (вул. Янкі Купалы, 1) – модная і не па-лідску дарагая ўстанова. Тут падаюць пасту і гарачыя стравы, салаты і дэсерты. Па вечарах даюць жывую музыку.

  Pizzburg (вул. Ленінская, 8) – гэта заўсёды класныя піцы і бургеры. Месца ў кафэ не вельмі шмат, так што рэкамендуем браць ежу на вынас і ў дастаўцы.

  Па фастфуд ідзі ў «Біг Смак» (вул. Замкавая, 3) або «Тутака» (вул. Леніна, 22а) – гэта мясцовыя «макі». Там гатуюць бургеры, ролы, нагетсы і бульбу.

  Калі захочацца піцы ці сушы, дапаможа Panda Pizza (вул. Савецкая, 29). Апроч названых пазіцый, знойдзеш у меню іншую папулярную «класіку»: бургеры, сэндвічы, бліны. Усё гэта можна заказаць і на дом, скарыстаўшыся сэрвісам Just-eat або Carte. Яшчэ варыянты ежы дадому – PizzaSmile і «Капібара». Вялікі выбар піцы прапануе таксама «Пан Піца», установа знаходзіцца на ўскраіне, але можна замовіць на дом, акрамя піцы, напрыклад, вок або – калі ноч была доўгая, а раніца складаная – салянку .

  Central Coffee (вул. Савецкая, 19) – інстаграмная кавярня, у інтэр'еры якой чытаецца любоў да добрай музыкі. Да кавы ці гарбаты зможаш выраць свежы дэсерт: чызкейк, тарт, донат ці нешта яшчэ. Для сняданкаў таксама варыянт працоўны: падаюць сырнікі, блінцы, аўсянку.

  Jinnee (вул. Савецкая, 23/2) – прыемная кавярня з недарагімі напоямі, класнымі зніжкамі і меню для веганаў. Ёсць сытныя і салодкія круасаны, блінцы з начыннямі, сэндвічы, сырнікі, аладкі і кашы.

  Demi (вул. Міцкевіча, 23) абазначае сябе як «месца пра каву і свабоду», а яшчэ гэта вельмі ўтульнае месцейка: са стужкавымі камерамі і кнігамі на паліцах, гітарамі і ўкулеле побач , live session-амі і натхняльнымі карцінкамі. Кава тут таксама выдатная, а на сняданак можна замовіць нешта не самае звыклае для ранішняга меню: напрыклад, табуле з таматамі і зелянінай або кускус з кабачковай ікрой.

 

 

 

  У бар «Финчер» (вул. Замкавая, 2) ідзі па настрой і атмасферу. Будзеш піць аўтарскія кактэйлі пад класную музыку. Кожную пятніцу ў бары збіраюцца пагуляць у «Мафію», а кожны вечар прапануюць скончыць душэўнымі песнямі ў караоке.

  «Мята Lounge» (пр. Перамогі, 21) у Лідзе даўно перастала быць проста кальяннай. Кожныя выходныя там ладзяцца вечарынкі з DJ-сэтамі і танцамі ў дыме. У ночы з пятніцы на суботу і з суботы на нядзелю «Мята» працуе да 5 раніцы.

  Рэста-клуб «Вавілон» (вул. Міцкевіча, 7) – дзе і ежа, і напоі, і забаўкі. Месца пазіцыянуе сябе як «мультыфарматнае», злучаючы функцыі і сэрвіс рэстарана, бара і начнога клуба. Тут рэгулярна праводзяць тэматычныя вечарыны, выступаюць кавер-бэнды і дыджэі. Меню базуецца на стравах еўрапейскай кухні. У барнай карце з класікай суседнічаюць аўтарскія кактэйлі.

  Галоўнае тусовачнае месца горада – клуб «Маяк» (вул. Янкі Купалы, 1). Тут усё як трэба: вялікі танцпляц, алкаголь ракой, дзяўчаты на барных стойках і перыядычныя бойкі.

  Бар «2 этаж» (вул. Шубіна, 11) – small-версія «Маяка». Знаходзіцца проста ля аўтавакзала. Калі не ведаеш, дзе забіць час да аўтобуса, – гэта яно.

 

 

 

  У ГЦ «Кантынент» (вул. Кірава, 8) ёсць пара крам мас-маркета: да прыкладу, «Твое», «Мегатоп» і іншыя. Раней у будынку быў боўлінг, цяпер – дзіцячы забаўляльны комплекс «Лімпапо». На верхніх паверхах – гасцініца. ГЦ знаходзіцца ў самым цэнтры горада.

  Мясцовы рынак (вул. Камсамольская) захаваўся ў лепшых традыцыях: там усё гэтак жа можна пастаяць на кардонцы і паглядзецца ў люстэрка, якое не вельмі роўна трымае прадавачка. Побач, дарэчы, прадаюць свежыя прадукты: шукай гандлёвыя рады або купляй у бабуль на ўваходзе.

  Дом быту (вул. Перамогі, 37) – таксама рынак, толькі крыты. Тут можна паглядзець рэчы, але, хутчэй за ўсё, ужо без кардонак.

Калі ты чуў(-ла) пра лідскія кеды і лічыш някепскай ідэяй прыкупіць іх наўпрост у Лідзе, адпраўляйся ў фірмовую краму «Чаравічкі» (вул. Фабрычная, 6). Анлайн-каталог не занадта зарыентуе цябе ў выбары: наяўнасць усіх мадэляў прапануюць удакладняць па тэлефоне.

 

 

   Лідскі раён

 

Калі абышоў(ла) увесь горад і хочаш выбрацца кудысьці яшчэ, раім даследаваць наваколлі Ліды. Можаш зганяць да руін сядзібы, старога млына ці ў суседні горад на экскурсію. Дабірацца туды, вядома, без асабістага аўто не вельмі зручна (у некаторыя пункты аўтобусы ходзяць толькі два разы на дзень: раніцай і ўвечары), але і не вельмі далёка.

Вёску Дворышча, якая знаходзіцца за 16 кіламетраў ад Ліды, не часта ўключаюць у дарожнікі для вандроўнікаў. І дарма. Тут ад былога панскага маёнтка захаваліся вежа-сядзіба, вадзяны млын і некалькі гаспадарчых пабудоў. Гэтага не адбылося б без мясцовых жыхароў, якія своечасова заняліся рэканструкцыяй будынкаў і не далі ім разбурыцца. Цяпер там адкрылі паўнавартасны турыстычны аб'ект з музеем і забаўкамі.

У вёску Белагруда (16 кіламетраў ад Ліды) заязджай, каб паглядзець на касцёл Міхала Арханёла. Раней на ягоным месцы стаяў драўляны храм, але ў 1908 годзе будынак адбудавалі. Храм уражвае велічнымі вежамі і базілікай і аб'ядноўвае ў сабе адразу некалькі архітэктурных стыляў: неаготыку, неараманскі і мадэрн.

Ад сядзібы ў вёсцы Дзікушкі (40 кіламетраў ад Ліды) засталіся толькі руіны, але туды ўсё роўна часта наведваюцца турысты. Яе гісторыя сыходзіць у XVIII стагоддзе, калі маёнткам валодаў суддзя Рафаіл Грабоўскі. Менавіта ён пабудаваў у Дзікушках гаспадарчы двор, царкву, карчму і сядзібу. Апошнюю, здавалася б, зусім простую – прастакутную і аднапавярховую. Але была ў ёй адна асаблівасць, што ўражвала (і ўражвае дагэтуль) усіх прыезных, – гэта калоны, якія памешчыку прывезлі ажно з Вільні. Цікава, што менавіта яны захаваліся да нашых дзён. Толькі яны і сцены – больш нічога.

Зусім недалёка ад Дзікушак у вёсцы Мажэйкава (34 кіламетры ад Ліды) ёсць яшчэ адна сядзіба – Ромэраў. Мусіць, ты здзівішся яе добраму стану, але гэтаму ёсць тлумачэнне: у справу своечасова ўмяшаліся мясцовыя ўлады. Сядзібны дом разам з гаспадарчымі пабудовамі адрэстаўравалі (праўда, без уліку гістарычных асаблівасцей) і цяпер выкарыстоўваюць як будынак райвыканкама.

Па шляху ў Мажэйкава ты будзеш праязджаць Тарнава (19 кіламетраў ад Ліды) – і там таксама знойдзеш сядзібу. Яе ўзвялі ў XVII стагоддзі, але з таго часу будынак моцна змяніўся. Маёнтак пераходзіў ад адных шляхціцаў да іншых, часта рэстаўраваўся і дабудоўваўся. Такой, якая сядзіба цяпер, яна стала пры Маўросах. У 2000-х гадах мясцовыя ўлады вырашылі рэканструяваць будынак, каб выратаваць яго. Але некаторыя дэталі – балконы, арачныя вокны, рустоўка – усё ж захавалі. Цяпер у сядзібе жывуць людзі (не, не паны), так што не дзівіся развешанай бялізне на балконе.

Бярозаўка (27 кіламетраў ад Ліды): тут дадавай у свой план толькі адзін пункт – шклозавод «Нёман», дзе дагэтуль выдзімаюць шкло (так-так, праз трубку) і ўручную выразаюць на ім узоры. Экскурсіі на заводзе праводзяць звычайна ў будні (у выходныя працуюць не ўсе цэхі). Кошт квітка – € 6.

У мястэчку Бердаўка можна зачэкініцца каля сядзібнага дома Дэмбавецкіх, пабудаванага ў 1860–70-х гг. Уладальнік гэтай сядзібы – Аляксандр Станіслававіч Дэмбавецкі – вядомы перадусім як чалавек, які мог быць пазашлюбным сынам расійскага імператара Аляксандра II. Пры сядзібе можна назіраць фрагменты парка і былыя пабудовы гаспадарчага прызначэння.

Калі цябе не палохаюць кружныя дарогі на шляху да знаёмства з яшчэ адным драўляным храмам, то рэкамендуем заехаць у Мінойты (12 км ад Ліды). Чырвоны касцёл Сэрца Езуса 1928–29 гадоў пабудовы невялікі памерамі, але выглядае цікава. А вось далей, праехаўшы яшчэ 9 кіламетраў, у Ганчарах ты знойдзеш Пакроўскую царкву, пабудаваную ажно ў 1774-м.

 

 

 

  Калі прыедзеш на Лідскі аўтавакзал, 100% учуеш пах свежага хлеба з пякарні насупраць. Але ў краме пры заводзе пышных смачных булачак амаль ніколі няма. Купляй іх у шапіках-пякарнях «Хлебны двор» – не пашкадуеш.

  Ліда – пра актыўны адпачынак. Улетку ў горадзе працуе пракат ровараў Kolobike, на возеры можна пакатацца на лодках і катамаранах, узімку робяць экстрым-горкі і выдаюць у пракат цюбінгі. У горадзе ёсць тэнісны корт, батутны цэнтр, можна пагуляць у страйкбол і палётаць на паветраным шары. З экскурсій рэкамендуем «Не стой под стрелой» – гэта экскурсія па выставе, прысвечанай гісторыі развіцця лука і арбалета. Тут ты сярод іншага зможаш убачыць (і нават пакратаць) наканечнік скіфскай стралы і стралу, зробленую па тэхналогіі каменнага веку, а яшчэ табе дазволяць пастраляць з любога экспаната. Кошт экскурсіі – € 20.

  Самыя крутыя споты для адпачынку з кампаніяй – на Лідскім возеры, што праз дарогу ад піўзавода. Каб дабрацца да іх, прайдзі ўвесь пляж, абыдзі будынак з пракатам злева па сцежцы і спускайся да вады.

  Катацца па Лідзе можна на аўтобусах. Талоны каштуюць па € 0,3 і ўсё яшчэ прабіваюцца праз ручны кампосцер. Рыхтуйся да прыгод і захоўвай расклад загадзя – ён тут.

  У горадзе працуе некалькі службаў таксі, але ўсе карыстаюцца Яндэкс Go. Кошты прыемныя – у сярэднім каля € 2 за паездку.

  Калі хочаш даведацца, што адбываецца ў горадзе і хвалюе месцічаў, заходзь на сайты «Лідскай газеты» і «Бізнес-Ліды».

 

Фота: palasatka

 

ООО «Эд Фэктори»:
УНН 193464033

|

Гайды

Аўтар:   34travel

  13040

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Пiнск

Душэўны гайд па сталіцы Палесся, якая падарыла свету першага прэзідэнта Ізраіля і іншых знакамітасцей.

Гомель

Абноўлены гайд па паўднёвай сталіцы Беларусі.

Магілёў

Наш новы гайд па Магілёве – горадзе на маляўнічых берагах Дняпра.

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Брэст

Горад з багатай гісторыяй, суровай крэпасцю і ўтульнымі кавярнямі – сустракай наш абноўлены гайд па Брэсце.

Віцебск

Што паглядзець у самым культурным беларускім горадзе.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш