4 старажытныя сядзібы за адну паездку – маршрут па Ляхавіцкім раёне

|

Маршруты

|

Аўтар:   34travel

|

  7214

4 старажытныя сядзібы за адну паездку – маршрут па Ляхавіцкім раёне

Вырушаем даследаваць багатую спадчыну Ляхавіцкага раёна: у гэтым падарожжы мы ўбачым некалькі старажытных сядзібаў рознай ступені захаванасці і пашпацыруем маляўнічымі паркамі, якія могуць расказаць мноства гісторый пра сваіх высокапастаўленых уласнікаў. Апранайся цёпла – і стартуем з самае раніцы.

 

Ляхавічы знаходзяцца ў дзвюх гадзінах язды ад Мінска, дзвюх з паловай – ад Берасця і ў трох – ад Горадні. У залежнасці ад колькасці вольнага часу і даўжыні светлавога дня можаш скараціць маршрут.

 

Дарава

53.108919, 26.168706
Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці

 

 

Першы прыпынак у нашым маршруце – мястэчка Дарава і яго галоўная выбітнасць – касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Храм у Дараве з'явіўся яшчэ ў XV стагоддзі: драўляную царкву ўзвялі на высокім беразе Шчары – прыкладна на тым жа месцы, дзе стаіць сучасны касцёл. Вядома, што храм згарэў падчас вайны ў сярэдзіне XVII стагоддзя, а ў 1841-м яго адбудавалі наноў. Праўда, набліжалася Першая сусветная – і гэтай версіі храма не было наканавана дажыць да нашых дзён.

Пабудову строгага, але даволі сціплага звонку і ўсярэдзіне касцёла, які мы бачым сёння, пачалі ў 1931 годзе: блокі, з якіх узводзілі сцены, вернікі рабілі з бетонных нямецкіх умацаванняў, што засталіся пасля вайны. Працы праходзілі пад кіраўніцтвам ксяндза Станіслава Шаплевіча. У яго вельмі няпросты лёс: калі землі Заходняй Беларусі далучылі да БССР у 1939 годзе, яму давялося хавацца ад савецкай улады, падчас нямецкай акупацыі яго падазравалі ў сувязях з Арміяй Краёвай, а пасля Другой сусветнай Шаплевіч ізноў трапіў у поле зроку НКУС. Увесь гэты час жыхары навакольных вёсак дапамагалі яму хавацца, але ў 1947 годзе ксяндза ўсё-такі схапілі, асудзілі на 25 гадоў і саслалі. Праз гады, вярнуўшыся з высылкі, ксёндз працягнуў паўпадпольна праводзіць службы ў навакольных вёсках. Касцёл тады ўжо выкарыстоўвалі як склад. А вернікам яго вярнулі толькі на пачатку 1990-х.

Дарэчы, у 1944 годзе храм трапіў пад гарматны абстрэл савецкай арміі – і выстаяў. Сцены з нямецкіх умацаванняў аказаліся моцнымі!
 

 

***

Флер'янова

53.092824, 26.266389
Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці

 

 

Нейкіх 8 км ад Дарава – і ты ў Флер'янове. Вырушыць сюды варта дзеля сядзібы роду Бохвіцаў, якую пабудавалі ў 1870 годзе. Землі тады належалі Яну Бохвіцу, маёнтак ён назваў у гонар бацькі – Фларыяна Бохвіца. Дарэчы, яшчэ адну сваю сядзібу – Паўлінава пад Баранавічамі – Ян назваў імем сваёй маці Паўліны Маеўскай. 

Флер'янова было сапраўдным культурным цэнтрам свайго часу: тут любілі бавіць час і шпацыраваць па ўнікальным садзе розныя выбітныя дзеячы – напрыклад, польскі пісьменнік Уладзіслаў Рэймант. Сярод гасцей сядзібы была і Эліза Ажэшка, якая так апісвала свае ўражанні ад наведвання Флер’янова: «У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калі-небудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра». Эліза Ажэшка нават пасадзіла тут дуб – ён пазначаны адмысловым памятным знакам.

Ну і, вядома, звярні ўвагу на незвычайную архітэктуру сядзібы: да масіўнай драўлянай хаты прыбудаваны вельмі прыгожы неагатычны франтон з чырвонае цэглы.

 

***

Ляхавічы

53.039738, 26.263248
Брэсцкая вобласць

 

 

Хай сучасныя Ляхавічы і не могуць пахваліцца мноствам даўнейшых архітэктурных формаў, наведаць мястэчка ўсё адно варта – хаця б з павагі да яго насычанага мінулага. Напрыклад, ты ведаеш, што калісьці тут стаяў моцны замак? Фартыфікацыя перажыла шмат баёў, але да нашых дзён, на жаль, не захавалася.

Сёння ў Ляхавічах можна пабачыць касцёл Сэрца Ісуса з чырвонай цэглы і касцёл святога Іосіфа з няпростым лёсам. А яшчэ закупіцца прадуктамі ў дарогу – бо наперадзе нямала адкрыццяў.

 

***

Грушаўка

53.024496, 26.332159
Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці

 

 

Зусім побач з Ляхавічамі знаходзіцца месца з дзівоснай энергетыкай – вёска Грушаўка, дзе захавалася багатая спадчына роду Рэйтанаў. Самага вядомага прадстаўніка сям'і – Тадэвуша Рэйтана – называюць беларускім Дон Кіхотам. Усё таму, што, калі ў 1772 годзе Аўстрыя, Прусія і Расія задумалі першы падзел Рэчы Паспалітай і склікалі Сойм, туды прыбыў Тадэвуш Рэйтан – гатовы гарой стаяць за адзінства сваёй краіны. Ён перакрыў выхад з залы і драматычна лёг ля ўваходу са словамі: «Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыны». Дарэчы, менавіта гэты момант і адлюстраваны на знакамітай карціне Яна Матэйкі.

Дык вось, сядзібу ў Грушаўцы заклаў бацька Тадэвуша Дамінік Рэйтан. У XVIII стагоддзі тут з'явіўся каменны дом у стылі класіцызму. Чаму ж сучасны будынак драўляны? Таму што, па чутках, аднаму з наступных уласнікаў, Юзафу, жыць у камяніцы не рэкамендавалі лекары. Тады ён паслухмяна перабудаваў дом на тым жа падмурку, але ўжо з бруса. Каменную версію сядзібы можна ўбачыць на малюнку Напалеона Орды другой паловы XVIII стагоддзя. Пасля нядаўняй рэстаўрацыі сядзіба вельмі моцна змянілася: вось тут можашь паглядзець, як драўляны будынак выглядаў пару гадоў таму. 

Яшчэ адна ўражальная выбітнасць Грушаўкі – неагатычная пахавальня роду Рэйтанаў, якая знаходзіцца прыкладна ў кіламетры ад сядзібы. Ажурная пабудова ўзведзеная ў 1910 годзе на месцы смерці апошняга прадстаўніка роду Юзафа Рэйтана. Пахавальню таксама зусім нядаўна адрэстаўравалі – аднавілі бакавы ступеністы фасад і дах (а вось фота пахавальні да рамонту для параўнання).

 

***

Нача

53.034494, 26.424084
Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці

 

 

Агледзеўшы сядзібу ў Грушаўцы, адпраўляйся ў вёсачку Нача – да яе ўсяго 8 км. Тут захаваліся класічны маёнтак Чарноцкіх, некалькі гаспадарчых пабудоў і былы сядзібны парк.

Селішча Нача вядомае яшчэ з XV стагоддзя: тады яно належала роду Няміровічаў. За сваю доўгую гісторыю Нача пераходзіла ад адной шляхецкай сям'і да іншай – а пасля стала ўласнасцю ордэну езуітаў. Праўда, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай улады Расійскай імперыі маёнтак у езуітаў адабралі. Пад канец XVIII стагоддзя – а менавіта ў 1798 годзе – зямлю прыдбаў Францішак Чарноцкі. З падачы яго сына тут пабудавалі сядзібу з элементамі класіцызму (толькі паглядзі на гэты дарычны порцік) і разбілі прыгожы парк. Сучасны выгляд будынак атрымаў пасля маштабнай рэканструкцыі ў пачатку ХХ стагоддзя. А пасля Другой сусветнай сядзібу прыстасавалі пад вытворчасць воцату.

 

***

Савейкі

52.919743, 26.403876
Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці

 

 

Яшчэ адна архітэктурная каштоўнасць Ляхавіцкага раёна знаходзіцца ў вёсачцы Савейкі – гэта сядзіба Навіцкіх. Дакладна дату пабудовы даследнікі не ведаюць, але адбылося гэта прыкладна на стыку XVIII-XIX стагоддзяў (а магчыма, нават крыху раней – Навіцкія валодалі гэтымі землямі з 1861 года).

Сёння тут можна ўбачыць годна захаваную сядзібную хату, якую на працягу мінулага стагоддзя пару разоў перабудоўвалі, некалькі гаспадарчых будынкаў і маляўнічы парк з вадаёмамі. Сядзіба спалучае ў сабе рысы класіцызму і неабарока – пра гэта сведчаць, напрыклад, парадны порцік з калонамі і характэрны франтон.

 

Фота: palasatka

 

|

Маршруты

Аўтар:   34travel

  7214

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Едзем на Viva Braslav: 10 мясцінаў, якія варта ўключыць у свой маршрут

Велічныя храмы, некалі багатыя сядзібы і цэлы пачак прыродных прыгажосцяў.


 

Маршрут: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку

Едзем мясцінамі Радзівілаў і Міцкевіча на KIA Rio X-Line.

Едзем на захад ад Менска: старадаўнія сядзібы і велічныя храмы

Пабадзяцца ля разбураных сцен, палюбавацца храмамі і адшукаць круглае возера.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Маршрут: Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку

Выпраўляемся ў насычанае падарожжа на KIA Rio.

Маршрут: Косава, Бяроза і Пружаны за адну паездку

 Адпраўляемся ў новае падарожжа выхаднога дня – пабачым раскошныя палацы, сядзібы і парачку маляўнічых руін.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш