Маршрут: Едзем у Будслаў і ваколіцы

|

Маршруты

|

Аўтар:   34travel

|

  5155

Маршрут: Едзем у Будслаў і ваколіцы

Сонечныя жнівеньскія выходныя – выдатная нагода рвануць у чарговы трып па Беларусі. Прапануем адправіцца ў падарожжа на поўнач ад Менска: там нас чакаюць таямнічыя старажытныя помнікі, прыўкрасныя храмы і велічны парк.

 

Працягласць маршруту пры ўмове старту з Менска – больш за 300 км, так што раім закладваць досыць часу на перасоўванні. Звярні ўвагу: найлепшая дарога да Будслава праходзіць праз Докшыцы (гл. мапу).

 


Камена

Вілейскі раён Менскай вобласці
54.581856, 27.470892

 

 

Першы пункт нашага падарожжа – невялікая вёсачка Камена за 90 км ад Менска (не блытаць з Каменай Лагойскага раёна). Да пачатку мінулага стагоддзя мястэчка называлася Камень – у гонар каменя «Варацішын крыж», аднаго з Барысавых камянёў. «Варацішын крыж» – гэта здаравезны старажытны помнік з высечаным крыжам і надпісам «Господи помози рабу своему Борису» (лічыцца, што ён з'явіўся падчас кіравання полацкага князя Барыса на пачатку XII стагоддзя). Каб знайсці помнік, арыентуйся на каардынаты (54.581856, 27.470892).

Непадалёк ад каменя ўбачыш памятную шыльду: яна паведаміць пра тое, што ў 1857 годзе з гэтага месца пачалася экспедыцыя па Віліі беларускага гісторыка графа Тышкевіча. Тышкевіч стаў першым даследнікам каменя, у яго запісах захавалася, напрыклад, такая легенда пра яго паходжанне: быццам бы Бог пакараў мясцовага жыхара за працу на Вялікдзень і ператварыў селяніна і яго быкоў у камень.

 

  Чытай таксама: Тышкевічы ды іх спадчына ў Беларусі  

 


Даўгінава

Вілейскі раён Менскай вобласці
54.646558, 27.480606

 

 

Даўгінава (або Даўгінаў) вядомае з XV стагоддзя: тады селішча было буйным гандлёвым цэнтрам, таму што знаходзілася роўненька на скрыжаванні важных дарог. Сёння ў Даўгінава варта патрапіць дзеля двух архітэктурных помнікаў: касцёла Святога Станіслава і Троіцкай царквы.

Класічны храм Святога Станіслава стаіць на месцы свайго драўлянага папярэдніка, які быў пабудаваны ў 1553 годзе. Цікава, што ў 1610 годзе ў касцёл прывезлі абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, які пазней стаў вядомы як Будслаўскі абраз (расказваем пра яго ніжэй). Сучасны мураваны будынак з порцікам і калонамі ўзвялі ў 1853 годзе: захавалася фота канца XIX стагоддзя – як бачыш, з той пары касцёл не надта змяніўся.

Яшчэ адна славутасць Даўгінава – Троіцкая царква 1870 года пабудовы, помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Паспрабуй зазірнуць усярэдзіну, каб убачыць разьбяны драўляны іканастас.

 

 


Параф’янава

Докшыцкі раён Віцебскай вобласці
54.885847, 27.577433

 

 

Над мястэчкам Параф'янава ўзвышаецца касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Храм у стылі неабарока пабудавалі на сродкі вернікаў у пачатку XX стагоддзя на месцы драўлянага (тут гісторыя не новая). Будынак выглядае вельмі лёгка і паветрана – усё гэта дзякуючы багатаму карункаваму аздабленню. Тэрыторыя вакол касцёла – вельмі прыемная і дагледжаная, тут можна перавесці дух, разглядаючы вытанчаны дэкор. У 1956 годзе касцёл зачынілі (зноўку нічога новага) і зрабілі ў будынку склад спіртзавода. З 1989 года храм ізноў выконвае сваю асноўную функцыю – спраўна служыць вернікам.

 

 

Сітцы

Докшыцкі раён Віцебскай вобласці
54.914062, 27.538365 

 

Перад тым як вырушыць у Будслаў, трохі збочым з дарогі, каб убачыць селішча Сітцы. Упершыню яно згадваецца ў XVII стагоддзі: тады тут стаяў замак, які належаў Яну Бжастоўскаму. Пазней Бжастоўскія вырашылі перабудаваць замак у палацава-паркавы ансамбль. У 1798 годзе маёнтак выкупіў Тадэвуш Дамейка (дзядзька Ігната). Калі палац Бжастоўскіх згарэў (захаваліся толькі калоны), сын Тадэвуша Аляксандр пабудаваў на тэрыторыі маёнтка драўляную сядзібу з аранжарэяй і зімовым садам. Праўда, гэты будынак таксама згарэў – у 1944 годзе сядзібу спалілі партызаны. Усе перыпетыі лёсу маёнтка перажыла брама ў стылі барока.

Але, напэўна, самая загадкавая выбітнасць мясцовасці – 500-гадовы дуб-волат, сведка такой колькасці гістарычных падзей, што нам і не снілася. Вышыня дрэва – 26 метраў, дыяметр – 2 метры (ці, як пісаў Пятрусь Броўка, «аж да аблокаў рушыш, крокаў аж дваццаць зробіш, пакуль ля камля абкружыш»). Кажуць, у прасторным цені дуба некалі адпачываў Тадэвуш Касцюшка, а сёння можаш адпачыць і ты. Толькі стаўся да дуба з павагай.

 

 

Будслаў

Мядзелскі раён Менскай вобласці
54.787050, 27.451318

 

 

 

Нарэшце набліжаемся да фінальнай кропкі нашага маршруту – прыўкраснага касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, месцу дзівоснай сілы і прыгажосці. У будынку храма, які летась пацярпеў ад пажару , цяпер ідуць працы па аднаўленні інтэр'ера, так што ўсярэдзіну трапіць не атрымаецца. Затое палюбавацца экстэр'ерам адной з галоўных каталіцкіх святыняў Беларусі – заўсёды можна.

Драўляны храм на месцы сучаснага касцёла ўзвялі манахі-бернардыны яшчэ ў далёкім 1591 годзе. У сярэдзіне XVII стагоддзя, а менавіта ў 1643 годзе, тут пабудавалі каменны касцёл, а будынак, які мы можам бачыць сёння, з'явіўся толькі ў 1783 годзе. На пачатку 1990-х храм адрэстаўравалі, тады ж касцёл атрымаў ганаровы тытул Малой базілікі.

Галоўны скарб будслаўскага касцёла – абраз Божай Маці, да якой штогод сцякаюцца паломнікі. У 1613 годзе гэтую ікону падарыў храму віленскі святар Ісак Салакай, які, у сваю чаргу, атрымаў яе ад дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Яна Паца (а Пацу яна дасталася ад Папы Рымскага Клімента VII у падзяку за пераход з кальвінізму ў каталіцтва).
 

  Чытай таксама: Архітэктурная спадчына паўночнай Беларусі

 

Фота: palasatka

|

Маршруты

Аўтар:   34travel

  5155

hand with heart

САМЫЙ ПРОСТОЙ СПОСОБ ПОМОЧЬ 34travel

Если хочешь отблагодарить 34travel за своевременную новость о распродаже лоукостера, большой гайд или подсказки по части заведений, то проще всего сделать это через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Маршрут: Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку

Выпраўляемся ў насычанае падарожжа на KIA Rio.

4 старажытныя сядзібы за адну паездку – маршрут па Ляхавіцкім раёне

Грушаўка, Флер'янова, Савейкі – і яшчэ некалькі цікавых мясцінак.

Маршрут: Гальшаны, Ашмяны і мясціны Багушэвіча за адну паездку

Ціхія мясціны з гісторыяй і цудоўнымі краявідамі.

Маршрут: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку

Едзем мясцінамі Радзівілаў і Міцкевіча на KIA Rio X-Line.

Едзем на Viva Braslav: 10 мясцінаў, якія варта ўключыць у свой маршрут

Велічныя храмы, некалі багатыя сядзібы і цэлы пачак прыродных прыгажосцяў.


 

Цяпер на галоўнай

Самыя містычныя месцы ў Беларусі: 8 дзівосных легенд

 Захапляльныя гісторыі пра прывідаў, цмокаў і пандаў.

9 помнікаў архітэктуры Беларусі, выстаўленыя на продаж

Знікомая спадчына.

Месца тыдня: Сядзіба Путкамераў у Больценіках

Мясціны Міцкевіча.

Як праходзіць служба ў самым таямнічым храме Беларусі?

Храм, які адчыняе дзверы толькі раз на год.

10 прыродных мясцін Беларусі ад аўтараў фотакнігі «Кут»

Слава Мазай і Лёша Угальнікаў – пра тое, дзе лепей сустракаць світанкі і шукаць зуброў.

Месца тыдня: Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы

Як сядзіба беларускага Дон Кіхота выглядае пасля рэстаўрацыі?

4 старажытныя сядзібы за адну паездку – маршрут па Ляхавіцкім раёне

Грушаўка, Флер'янова, Савейкі – і яшчэ некалькі цікавых мясцінак.

Тэст: хто ты з беларускае шляхты?

Шукаем soul mate з падручнікаў гісторыі.

Гомель

Абноўлены гайд па паўднёвай сталіцы Беларусі.

Паказаць больш Паказаць больш