10 класных месцаў у межах 50 км ад Менска

|

Маршруты

|

Аўтар:   34travel

|

  6999

Сабралі дзясятак ідэй для кароткай вандроўкі з Менска. Да большасці пунктаў можна даехаць грамадскім транспартам, так што абірай лакацыю для наступнага падарожжа ці складай цэлы маршрут. Тут і прыгожыя сядзібы, і велічныя храмы, і старажытныя гарадзішчы, якія помняць падзеі шматвекавой даўніны.

 

Заслаўе

Адлегласць ад Менска: 14 км.

Зганяць у Заслаўе варта з некалькіх прычын. Па-першае, гэта важны горад для беларускай гісторыі – думаем, пераказваць легенду пра Рагнеду і Ізяслава табе не трэба. Па-другое, летась у траўні тут адкрыўся класны Музей беларускай маляванкі, дзе сабраная вялікая калекцыя маляваных дываноў пэндзля Язэпа Драздовіча, Алены Кіш і іншых майстрынь і майстроў. А яшчэ гэта проста добрая нагода праехацца легендарнай электрычкай «Мінск – Беларусь».

Апынуўшыся ў Заслаўі, ты дакладна не прапусціш галоўную архітэктурную выбітнасць горада – Спаса-Праабражэнскую царкву. Храм быў пабудаваны ў сярэдзіне XVI стагоддзя як кальвінісцкі збор – тады ён знаходзіўся на тэрыторыі ўмацаванага замка. Пазней будынак перайшоў да ўніятаў, а пасля – да праваслаўных.

Каб культурная праграма была поўнай, зазірні ў этнаграфічны комплекс «Млын» – музей пад адкрытым небам, дзе зможаш наведаць некалькі арыгінальных будынкаў, якім ужо пад сотню гадоў.

 

 

Лагойск

Адлегласць ад Менска: 32 км.

Цудоўны кірунак для ментальнай перазагрузкі. Калісьці ў Лагойску гаспадарылі Тышкевічы: тут стаяў першы радавы замак, тут жа працаваў археалагічны музей братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў. Сёння ад некалі пышнага палаца ў класічным стылі застаўся толькі невялікі фрагмент сцяны паўднёвага крыла – аднак прагуляцца маляўнічымі сцяжынкамі сядзібнага парку ўсё адно варта.

Акрамя таго, можаш зірнуць на лагойскі касцёл святога Казіміра, які стаіць на месцы храма Тышкевічаў, што быў разбураны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Новы асіметрычны храм пабудавалі ў 1999 годзе – і выглядае ён як мінімум незвычайна.

 

 

Ракаў

Адлегласць ад Менска: 27 км.

Гарадок на звілістай Іслачы можа пахваліцца багатай культурнай спадчынай. Паселішча на гэтым месцы існавала яшчэ ў глыбокай старажытнасці – пра гэта сведчыць гарадзішча на левым беразе Іслачы. Сучасным падарожнікам не варта прапускаць некалькі важных архітэктурных помнікаў: Спаса-Праабражэнскую царкву канца XVIII стагоддзя, неагатычны цагляны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай 1906 года на месцы былога каталіцкага дамініканскага манастыра і капліцу святой Ганны на мясцовых могілках.

 

 

Станькава

Адлегласць ад Менска: 34 км.

У XIX стагоддзі пасля Дарагастайскіх і Радзівілаў мястэчкам валодалі Гутэн-Чапскія. Эмерык Гутэн-Чапскі заклаў тут рэзідэнцыю з двухпавярховым класічным палацам. Яго ўзвялі ў 1862 годзе, але, на жаль, да нашых дзён пабудова не захавалася.

Самая вядомая славутасць сядзібы цяпер – «Скарбчык», кампактны двухпавярховы неагатычны будынак з чатырма вежамі, які выглядае як вельмі маленькі сярэднявечны замак. Яго Эмерык Чапскі, захоплены калекцыянер, выкарыстаў для захоўвання сабраных ім старажытнасцяў, абразоў, рэдкіх кніг і археалагічных знаходак.

У Станькаве таксама захаваліся руіны старой брамы з рэшткамі дома вартаўніка, флігель сядзібы са ступеністым франтонам, будынкі свірна і стайні. Усе гэтыя пабудовы знаходзяцца ў велізарным старажытным парку, дзе і цяпер вельмі прыемна гуляць.

 

 

Вязынка

Адлегласць ад Менска: 35 км.

Менавіта ў Вязынцы нарадзіўся Янка Купала – а сёння тут знаходзіцца музей паэта. Дом адрэстаўравалі ў 1972 годзе: цяпер у пакоях, дзе калісьці жыў пясняр з сям'ёй, адноўлены інтэр'ер тых часоў. Каб усё выглядала максімальна аўтэнтычна, рэчы і прадметы побыту для экспазіцыі збіралі ў ваколіцах самой Вязынкі. На тэрыторыі музея, акрамя хаты, знаходзяцца таксама свіран (з яшчэ адной экспазіцыяй), крынічка, старадаўні дуб і помнік Купалу аўтарства Азгура. 

 

 

Дзяржынск

Адлегласць ад Менска: 30 км.

Дзеяч, імем якога назвалі горад у 1932 годзе, нарадзіўся за некалькі кіламетраў адсюль. А наогул гістарычная назва мястэчка – Койданава. Так горад называўся на працягу многіх стагоддзяў сваёй гісторыі, а сёння гэтае імя захавала толькі мясцовая чыгуначная станцыя.

Галоўны архітэктурны хайлайт Койданава – драўляны касцёл святой Ганны. Першы храм на гэтым месцы быў заснаваны яшчэ ў 1439 годзе. Цяперашні будынак узведзены ў канцы XVIII стагоддзя, за гады сваёй багатай біяграфіі з пажарамі і войнамі пазбавіўся дзвюх вежаў, затое захаваў фундамент. У савецкі час тут размясцілі музычную школу, а ў пачатку 1990-х касцёл вярнулі парафіянам. Яшчэ адна мясцовая славутасць – Пакроўская царква 1850 года пабудовы. Экстэр'ер храма з пяццю купаламі выдатна захаваўся – чаго не скажаш пра ўнутранае ўбранне (тым не менш тут усё ж можна ўбачыць некалькі старадаўніх абразоў). Апынуўшыся ў Койданаве, таксама варта ўбачыць драўляны будынак хедара (габрэйскай пачатковай школы) і рэшткі замчышча.

 

 

Менскае гарадзішча

Адлегласць ад Менска: 10 км.

Адзін з найважнейшых археалагічных помнікаў Беларусі знаходзіцца за дзесяць кіламетраў ад сучаснага Менска – каля вёскі Гарадзішча. Паводле адной з гіпотэз, менавіта тут знаходзіўся старажытны Менск, а ўжо пасля таго, як яго некалькі разоў спалілі, паселішча перанеслі на цяперашняе месца – ля рэк Свіслач і Няміга.

Гарадзішча – класнае месца для павольных прагулак і разважанняў пра вечнае. Тут захаваліся высокія земляныя валы, цячэ рака Менка і яе прыток – ручай Дунай. На месцы пустой прасторы ў цэнтры быў сапраўдны горад, акружаны сценамі да дзесяці метраў вышынёй, у якім жылі князі, рамеснікі і купцы. Археолагі знаходзілі тут рэшткі посуду, зброі, упрыгожанняў, артэфакты са Скандынавіі, Візантыі і Егіпта і нават скарбы. Дарэчы, нядаўна археолагі правялі радыёвуглеродны аналіз дрэва з валоў на гарадзішчы. Выявілася, што Менск можа быць прыкладна на 200 гадоў старэйшы, чым мы думалі.

 

 

Прылукі

Адлегласць ад Менска: 10 км.

Першы палац з італьянскім садам з'явіўся ў Прылуках, калі мястэчка належала Агінскім. Праз некалькі пакаленняў Прылукі перайшлі Антону Горвату, які перабудаваў сядзібу ў рамантычным неагатычным стылі – так палац выглядае і цяпер. З 1872 года палац у Прылуках стаў адной з рэзідэнцый графа Эмерыка Гутэн-Чапскага, палітыка і захопленага калекцыянера. 

Падчас Другой сусветнай вайны ў Прылуках размяшчаўся загарадны дом гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ, а пасля яе – Інстытут аховы раслін (ён тут знаходзіцца і сёння). Акрамя выдатна захаванага палаца, у Прылуках можна ўбачыць таксама гаспадарчыя пабудовы: стайню, свіран-лядоўню і бровар. Цяпер для комплексу ў Прылуках шукаюць інвестара, які зможа ўдыхнуць у гэтае месца новае жыццё.

 

 

Азярцо

Адлегласць ад Менска: 10 км.

У вёсцы Азярцо працуе Музей народнай архітэктуры і побыту – і гэта, бадай, адзін з самых цікавых музеяў Беларусі. Хоць і знаходзяцца Строчыцы зусім недалёка ад Менска, на паездку можна смела закладваць цэлы дзень: тэрыторыя музея велізарная, экспанатаў вельмі шмат. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя будынкі, звезеныя сюды з трох рэгіёнаў Беларусі: Падняпроўя, Паазер'я і цэнтральнай часткі. Тут і цэрквы, і млын, і мноства хат і хлявоў – і ўсе яны калісьці спраўна служылі людзям. Вывучаць усё гэта, шпацыруючы сярод старадаўніх пабудоў, можна бясконца. А калі згаладнееш, завітвай у мясцовую карчму.

 

 

Баравое

Адлегласць ад Менска: 43 км.

Непадалёк ад вёсак Баравое і Новая Рудзіца знаходзіцца незвычайная капліца-пахавальня роду Дыбоўскіх. Прыехаць сюды варта хаця б дзеля таго, каб паўтарыць вось гэтае шыкоўнае фота Уладзіміра Караткевіча. Пабудову адносяць, па розных версіях, ці то да першай, ці то да другой паловы XIX стагоддзя. Сямейства Дубоўскіх было вымушана пакінуць гэтыя землі пасля паўстання 1863–1864 гадоў, таму шмат інфармацыі пра іх землі было страчана.

 

Фота: Palasatka

|

Маршруты

Аўтар:   34travel

  6999

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Маршрут: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку

Едзем мясцінамі Радзівілаў і Міцкевіча на KIA Rio X-Line.

Маршрутамі Суціна і Царфіна: гайд па Смілавічах

Гуляем па некалі буйным гандлёва-рамесным мястэчку.

Едзем на захад ад Менска: старадаўнія сядзібы і велічныя храмы

Пабадзяцца ля разбураных сцен, палюбавацца храмамі і адшукаць круглае возера.

Маршрут: Едзем у Будслаў і ваколіцы

Таямнічыя старажытныя помнікі, прыўкрасныя храмы і велічны парк.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Маршрут: Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку

Выпраўляемся ў насычанае падарожжа на KIA Rio.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш