Маршрутами Сутина и Царфина: гайд по Смиловичам

Маршрутамі Суціна і Царфіна: гайд па Смілавічах

|

Маршруты

|

Аўтар:   34travel

|

  6883

У межах Беларуска-габрэйскага фестывалю сёлета прэзентавалі аўдыягід па Смілавічах – мястэчку, якое трывала асацыюецца з імёнамі мэтраў Парыжскай школы жывапісу – Хаіма Суціна і Файбіша-Шрагі Царфіна. Аўдыяверсію шукай на сайце фестывалю, а на 34 мы сёння публікуем кароткую тэкставую версію. 

 

 

Крыху гісторыі

Сённяшнія Смілавічы – гэта гарадскі пасёлак за паўгадзіны язды ад Менска, на рацэ Волме – прытоку Свіслачы. У дакументах канца XVI стагоддзя Смілавічы лічыліся мястэчкам у складзе Менскага ваяводства ВКЛ.

Цікава, што раней мястэчка называлася Бакшты, або Бакштаны, – ад імя роду Бакштанскіх, які імі валодаў. Тапонім «Смілавічы», паводле адной з версій, паходзіць ад татарскага імя Сміл. Рэч у тым, што з канца XV стагоддзя на гэтай тэрыторыі сяліліся татары. Назва Смілавічы замацавалася ў XVII стагоддзі пры Марцыяне Агінскім.

У пачатку XIX стагоддзя, калі Смілавічамі валодаў Станіслаў Манюшка, мястэчка было інтэрнацыянальным і мультырэлігійным. З 85 двароў 43 належалі хрысціянскім сем'ям, 31 – габрэйскім і 13 – татарскім. Да сярэдзіны XIX стагоддзя тут дзейнічалі тры праваслаўныя храмы, тры сінагогі, мячэт і касцёл. У гарадку развіваліся вытворчасць і рамяство, і да пачатку ХХ стагоддзя тут жылі ўжо 3500 чалавек. Насельніцтва на 67 % было габрэйскім, сінагог налічвалася ўжо пяць.

У ліхія рэвалюцыйныя гады ў Смілавічах адбыліся габрэйскія пагромы і былі закрытыя ўсе сінагогі. А 29 чэрвеня 1941 года ў мястэчка ўвайшлі войскі Гітлера. Тут было створана гета, а 14 кастрычніка 1941 года акупанты забілі больш за 2000 габрэяў са Смілавіч і ваколіц.

Пасля Другой сусветнай вайны ў мястэчку амаль не засталося габрэяў, і здавалася, што сувоі Торы з закрытых сінагог зніклі разам з іх захавальнікамі. Але ў 2005 годзе жыхар сумежнай вёскі Дукоры знайшоў сувоі, на якія ягоны дзед натрапіў у адным з габрэйскіх дамоў і выкарыстоўваў як уцяпляльнік для ўласнага гарышча. Фрагмент сувоя, што захаваўся няйнакш як цудам, можна ўбачыць у музеі «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах, астатнія сувоі захоўваюцца ў Музеі гісторыі і культуры габрэяў Беларусі ў Менску.

 

 

Маршрут

Пачнём шлях са скрыжавання вуліц Рэвалюцыйнай і Першамайскай. Звернем туды, дзе Савецкая пераходзіць у Дзяржынскага. На доме № 1 знойдзем графіці «Глобус Смілавічаў». Гэта мапа асноўных славутасцяў мястэчка, у якім калісьці бурапеніў гандаль і квітнелі рамёствы.

К сярэдзіне XVIII стагоддзя значэнне габрэйскай абшчыны ў Смілавічах прыкметна вырасла: мястэчка стала рэзідэнцыяй «Верхняй акругі» – групы кагалаў (сходаў абшчын), якія вылучыліся са складу Брэст-Літоўскай кагальнай акругі ў самастойную адміністрацыйную адзінку. У 1913 годзе габрэям належалі дзве аптэкі і 24 крамы: бакалейныя, мануфактурныя, мучныя і піўная. У Смілавічах існавала іешыва – габрэйская вышэйшая рэлігійная ўстанова. У 1931 годзе ў Смілавічах дзейнічала шэсць арцеляў. Савецкая ўлада стварыла тут чатыры габрэйскія калгасы і адзін інтэрнацыянальны, дзе габрэі і татары працавалі разам. Выкладанне ў некаторых школах Смілавічаў вялося на ідышы.

Насупраць «Глобуса Смілавіч» размясцілася плошча Дзяржынскага з адміністрацыйнымі будынкамі. Але раней для жыхароў галоўнай была Базарная плошча, якая знаходзілася крыху далей, цяпер там разбіты вялікі сквер.

Адзін з ураджэнцаў Смілавічаў, Абрам Гельфанд, які нарадзіўся ў 1935 годзе, так апісваў гарадок свайго дзяцінства: «Галоўная плошча мястэчка называлася Базарнай. Назва звязаная з тым, што там па нядзелях былі базары. Я памятаю вялікую колькасць падводаў, на якіх сяляне навакольных вёсак прывозілі для продажу прадукты. Прылаўкаў не было – тавары прадаваліся з вазоў. Насупраць цяперашняй аўтастанцыі ў базарныя дні прадавалі коней. <...> Побач з паўночнай часткай былой Базарнай плошчы на галоўным уездзе з боку Магілёўскай шашы да пачатку 1970 гадоў стаяў даваенны драўляны будынак пажарнай каманды. У габрэйскіх мястэчках гэтыя каманды былі своеасаблівай славутасцю. Па святах ладзілася шэсце пажарных. Яны былі апрануты ў мундзіры, у некаторых на галаве былі медныя каскі, у астатніх – фуражкі. Перад шэсцем дзеці дапамагалі ім надрайваць пяском да залатога бляску два шэрагі медных гузікаў на кіцелях і медныя каскі. Падчас шэсця наперадзе ішоў аркестр. Затым ішлі конныя павозкі з бочкамі з вадой і хвацкія стройныя пажарныя, многія з якіх адслужылі ў царскім войску. Амаль усё мястэчка прыходзіла паглядзець на вясёлую імпрэзу».

Заканчвалася Базарная плошча там, дзе сёння ад вуліцы Дзяржынскага адыходзяць Рэспубліканская і Чырвонаармейская вуліцы. Паводле некаторых звестак дом, дзе нарадзіўся і жыў Хаім Суцін, размяшчаўся на скрыжаванні Дзяржынскага і Чырвонаармейскай, фасадам на Базарную плошчу. Аднак ёсць меркаванне, што яго сям'я жыла ў пачатку Рэспубліканскай вуліцы.

Прайшоўшы ад «Глобуса Смілавіч» па вуліцы Максіма Горкага, убачым помнік архітэктуры XIX – пачатку XX стагоддзя – сядзібу Ваньковічаў. Два палацы, флігелі, гаспадарчыя пабудовы. Стары палац у псеўдагатычным стылі пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя, калі сядзіба належала Станіславу Манюшку. Яго сын пачаў узводзіць новы палац побач са старым будынкам – ужо ў стылі неаготыкі з элементамі мадэрну. Будаўніцтва завяршылася пасля яго смерці, пры Лявонціі Ваньковічы – яго імя і замацавалася за сядзібай, ад былой велічы якой да нашых дзён захавалася няшмат.

Пяройдзем на іншы бераг Волмы – патрапім у Татарскую слабаду. Павернем на вуліцу Рэспубліканскую, у канцы яе знаходзіцца адзіная ў Беларусі валяльна-лямцавая фабрыка. Па ўспамінах Абрама Гельфанда, «у 30-я гады ў Смілавічах адкрыліся гарбарны завод і валяльна-лямцавая фабрыка. На гэтай фабрыцы многія гады да Вялікай Айчыннай вайны працаваў мой бацька Айзік. У бацькі ў Смілавічах заставаліся сябры – саматужнікі “валікмахеры” [на ідышы – вытворцы валёнкаў. – заўв. рэд.], і, калі ў 1968 годзе нарадзіўся мой сын Барыс, тата стаў прывозіць яму зручныя і прыгожыя дзіцячыя валёнкі. Працуючы зімой на многіх новабудоўлях, я таксама карыстаўся валёнкамі, якія нам выдавалі як дзяжурнае спецадзенне».

Звернем з Рэспубліканскай на вуліцу Карла Маркса і пройдзем уздоўж па ёй. Злева нам адкрываюцца старыя габрэйскія могілкі, закладзеныя ў XVIII стагоддзі. Мацевы – надмагіллі – паведамляюць не толькі імёны, але і прафесіі людзей, якія знайшлі тут спачын. Сёння могілкі закінутыя, і надпісы дрэнна бачныя, аднак спецыялістам удалося адшукаць тут магілы бацькі Хаіма Суціна і дзеда Шрагі Царфіна.

Паралельна вуліцы Карла Маркса праходзіць вуліца Пралетарская. У канцы яе ў 1965 годзе ўстанавілі помнік, які нагадвае пра трагедыю 14 кастрычніка 1941 года: тады фашысты расстралялі тут 2000 яўрэяў са Смілавічаў і наваколля.

На Пралетарскай вуліцы прайшло дзяцінства Алены Пякарскай, якое прыпала на 1930-я гады: «У суседнім доме жыў Нотка Сагаловіч, каробачнік. У яго быў свой конь, на ім ён развозіў на продаж па вёсках фарбу і мыла. Бывала, збярэ анучы і ўсякую макулатуру, а потым, здаўшы ўсё гэта ў горадзе, закупляе тавар. На розніцы ад перапродажу меў невялікі прыбытак, гэтым і карміў сваю шматдзетную сям'ю, з гэтым заробкам сяк-так выжываў, сточваючы канцы з канцамі. Такой была яго камерцыя. І так зараблялі амаль усе якія жылі ў акрузе каробачнікі. У суседнім з намі доме да вайны ў габрэяў быў малітоўны дом. І ўсе габрэі, што жылі побач, збіраліся там для малітвы. Малебен вёў сівы стары габрэй з барадой на імя Лейба».

Абрам Гельфанд у сваіх успамінах паведамляе, што ягонае пасведчанне аб нараджэнні было аформленае на беларускай мове, аднак у штампе і друку быў таксама выкарыстаны ідыш. У графе аб бацьках іх нацыянальнасць тады не прапісвалася.

 

 

Знакамітыя выхадцы

13 студзеня 1893 года ў сям'і краўца Залмана Суціна і Сары нарадзілася дзясятае дзіця – Хаім Суцін. Файбіш-Шрага Царфін успамінаў: «Суцін-бацька быў адным з заўсёднікаў у нашым доме, якія прыходзілі да нас пасля малітвы ў сінагозе, каб выпіць шкляначку лікёру і з'есці кавалачак пірага, прыгатаванага маёй маці. Хоць пакліканне сына і не падабалася яму, ён, аднак, не вельмі караў яго за гэта, хоць і не прамінаў выпадку выказаць сваё незадавальненне. У той жа час ён з гонарам казаў пра яго і паказваў сваім кліентам малюнкі сына, якімі былі абвешаны сцены».

Файбіш-Шрага Царфін нарадзіўся на шэсць гадоў пазней за Хаіма Суціна, у 1899 годзе, у заможнай габрэйскай сям'і Абрама і Дрэйзы Царфіных. Яго бацька, уладальнік гарбарнай майстэрні, цалкам лаяльна паставіўся да жадання сына займацца маляваннем.

Лёсы Хаіма і Шрагі склаліся па-рознаму: творчы шлях Шрагі ляжаў у Іерусалім, Хаіма – у Парыж. Але менавіта ў Смілавічах сфармавалася незвычайнае светаўспрыманне гэтых двух знакамітых мастакоў. Тут яны пакінулі свае сем'і і шматлікіх сваякоў, гісторыя якіх абарвалася ў Смілавічах падчас Халакосту. Суціну прысвечаны музей «Прастора Хаіма Суціна».

Аднагодкам і земляком Хаіма Суціна і Шрагі Царфіна быў Сямён Фрыд – савецкі прафесар мікрабіялогіі. Яго бацькам быў смілавіцкі рабін Мордух Фрыд, жыццё якога абарвалася ў мінскім гета. А сын Сямёна Фрыда – савецкі драматург Валерый Фрыд – напісаў сцэнар папулярнага фільма «Шэрлак Холмс і доктар Уотсан».

Яшчэ адзін выхадзец са Смілавічаў – Гірш Хаімавіч Фельдман – зарабіў велізарныя грошы на здзелках з нерухомасцю, нафтай і поўсцю і стаў купцом першай гільдыі. Пераехаўшы ў Таганрог, ён ажаніўся з ураджэнкай Лепеля Малкай Загавайлавай. Адна з яго пецярых дзяцей, Фані Гіршаўна Фельдман, стала вялікай актрысай, вядомай пад псеўданімам Фаіна Ранеўская.

 

 *****

 

Аўдыягід па мястэчку Смілавічы можна паслухаць на сайце Беларуска-габрэйскага фестывалю. А ў «Прасторы Хаіма Суціна» ў Смілавічах і Музеі гісторыі і культуры габрэяў у Мінску можна адшукаць паштоўкі, створаныя спецыяльна для аўдыягіда мастачкай Алінай Фаміной.

 

 

Фото: Saniamurashka

|

Маршруты

Аўтар:   34travel

  6883

hand with heart

Получи доступ ко всем материалам 34travel

Подписка на 34travel – это идеи для поездок, авторские маршруты и фирменные гайды по городам мира, большие разборы тревел-трендов и актуальная информация из мира перелетов, виз и границ. Оформи подписку, чтобы ничего не пропустить.

ПОДПИСАТЬСЯ

Чытай таксама

Маршрут: Косава, Бяроза і Пружаны за адну паездку

 Адпраўляемся ў новае падарожжа выхаднога дня – пабачым раскошныя палацы, сядзібы і парачку маляўнічых руін.

Маршрут: Гальшаны, Ашмяны і мясціны Багушэвіча за адну паездку

Ціхія мясціны з гісторыяй і цудоўнымі краявідамі.

Маршрут: Едзем у Будслаў і ваколіцы

Таямнічыя старажытныя помнікі, прыўкрасныя храмы і велічны парк.

Едзем на захад ад Менска: старадаўнія сядзібы і велічныя храмы

Пабадзяцца ля разбураных сцен, палюбавацца храмамі і адшукаць круглае возера.

Маршрут: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку

Едзем мясцінамі Радзівілаў і Міцкевіча на KIA Rio X-Line.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Цяпер на галоўнай

Выходзіць новая фотакніга Belarus ад Касі Palasatka

Перадзамову па спецыяльнай цане можна аформіць да 10 лістапада.

Месца тыдня: Чачэрск

Даследуем Гомельскую вобласць.

Шлях Цмока, Іўеўскі памідор і фестываль вішні: 7 летніх святаў за межамі Менска

Ад рыцарскага фэсту да выступленняў народных гумарыстаў, ад памідорнага дартса да шаман-шоў.

5 унікальных арганаў Беларусі – і рэдкая магчымасць іх пачуць

Расказваем пра дзівосныя інструменты і занураемся ў гісторыю.

«Абсалютная цішыня»: фотагісторыя з восеньскай Ельні ад Светы Ярашук

«Збіралі журавіны адразу ў рот, стаялі па калена ў балоце, слухалі звонкую цішыню».

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

Паказаць больш Паказаць больш