Маршрут: Косава, Бяроза і Пружаны за адну паездку

|

Маршруты

|

Аўтар:   34travel

|

  5303

Адпраўляемся ў новае падарожжа выхаднога дня – пракоцімся мясцінамі шляхетнага роду Пуслоўскіх, ўбачым раскошныя палацы і сядзібы ды наведаем парачку маляўнічых руін.

 

 Маршрут: 
Косава – Няхачава – Старыя Пескі – Бяроза – Пружаны – Лінава
 

Працягласць маршруту – каля 110 км, прыкладна паўтары гадзіны ў шляху.

 

 

Косава

Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці
52.767579, 25.125259
 

Палац Пуслоўскіх у Косава – яркі ўзор неаготыкі на тэрыторыі Беларусі і, безумоўна, адна з must-see славутасцяў, якую варта ўбачыць кожнаму(-ай). Рамантычны палац з 12 вежамі, па колькасці месяцаў, вырас у Косава, калі тутэйшымі землямі распараджаўся Вандалін Пуслоўскі – прадстаўнік уплывовага магнацкага роду. Палац не так даўно адрэстаўравалі, і цяпер па раскошных залах, дзе калісьці грымелі балі, могуць прагуляцца ўсе жадаючыя.

За два крокі ад палаца знаходзіцца дом-музей Тадэвуша Касцюшкі, які, вядома, таксама абавязковы да наведвання. Побыт таго часу адлюстравалі ў пяці пакоях: кухні, сенцах, кабінеце бацькі, гасцінай і пакоі маці. Акрамя таго, у музеі прадстаўлены фатаграфіі, архіўныя дакументы і нават копіі лістоў з перапіскі Касцюшкі з Вашынгтонам і Джэферсанам. 

Апынуўшыся ў Косава, уключы ў свой маршрут Троіцкі касцёл, дзе хрысцілі Касцюшку, і капліцу, якая знаходзіцца на мясцовых каталіцкіх могілках. Акуратную капліцу з вострымі вежкамі, якая трохі паходзіць на старажытную крэпасць, узвялі ў 1859 годзе.

 

 

Няхачава

Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці
52.647940, 25.214434

Па шляху да наступнай кропкі маршруту можна спыніцца ў вёсцы Няхачава. Галоўная мясцовая славутасць – паштовая станцыя ў класічным стылі, пабудаваная ў 1840-х гадах. Станцыя стаяла акурат на Маскоўска-Варшаўскай шашы, таму тут часта спыняліся вандроўнікі, а асобныя пакоі былі абсталяваны для размяшчэння самых высокапастаўленых гасцей. Зараз у будынку працуе гасцінічны комплекс з рэстаранам і масай іншых забавак.

 

 

Старыя Пескі

Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці
52.497436, 25.212637

Цяпер вырушаем ў мястэчка Старыя Пескі – яшчэ адну лакацыю, з якой звязана імя Пуслоўскіх. Тут нарадзіўся Войцех Пуслоўскі, які быў вядомы сваёй бізнес хваткай: маёнтак пры ім багацеў і квітнеў. Праўда, сёння ад былой пышнасці засталося няшмат.

Перш за ўсё агледзь паўночную браму сярэдзіны XIX стагоддзя – як бачыш, архітэктурна яна рыфмуецца з Косаўскім палацам. Заходняя брама цяпер уяўляе сабой маляўнічую руіну, але ўбачыць яе ўсё адно варта. Акрамя таго, у Старых Песках можна зірнуць на сядзібны дом Пуслоўскіх. Не здзіўляйся, што выглядае ён занадта сціпла для густу Пуслоўскіх: у шляхетнай сям'і першапачаткова быў куды больш раскошны дом, але ў 1843 годзе ён згарэў, таму жыхарам прыйшлося перабрацца ў будынак былой стайні.

 

 

Бяроза

Брэсцкая вобласць
52.533290, 24.959889

Наступны пункт нашага маршруту – горад Бяроза, дзе можна ўбачыць руіны картэзіянскага манастыра – калісьці самага багатага на тэрыторыі ВКЛ. Сродкі і ўчастак зямлі для будаўніцтва комплексу ахвяраваў сын Льва Сапегі Казімір. За працы адказваў архітэктар, якога запрасілі з Італіі: па яго задумцы, гэта павінен быў быць практычна цэлы горад – з тоўстымі сценамі, прасторным унутраным дваром, уласным садам, броварам, млынамі і барочным касцёлам. 

Будаўніцтва манастыра завяршылася ў 1689 годзе. Манастыр у Бярозе быў адзіным картэзіянскім на тэрыторыі ВКЛ. Статут гэтага ордэна лічыцца ледзь не самым строгім сярод усіх іншых каталіцкіх ордэнаў: манахам забаранялася нават мець зносіны адзін з адным, а на агульную трапезу яны збіраліся раз на год. 

Калі ў 1772 годзе Бяроза трапіла ў склад Расейскай імперыі, манастыр зачынілі, яго жыхароў выгналі з краіны, а будынкі разабралі на цэглу. Тое, што засталося, згарэла ў пажары ў Першую сусветную. З тых часоў комплекс паступова руйнуецца: ацалелі толькі брама, якую не так даўно адрэстаўравалі, вежа касцёла, частка жылых карпусоў і сцяна з адной з кутніх вежаў. Цяпер можна пабадзяцца па тэрыторыі манастыра – толькі будзь асцярожны(-а): многія разваліны ў аварыйным стане, таму заходзіць унутр можа быць небяспечна.

 

 

Пружаны

Брэсцкая вобласць
52.565300, 24.457700

Самая цікавая архітэктурная славутасць Пружанаў знаходзіцца на паўночнай ускраіне горада – гэта былая сядзіба Швыкоўскіх, якую яшчэ называюць «Пружанскі палацык». Будынак узвялі ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў стылі італьянскага неарэнесансу, а вакол галоўнага палаца разбілі пейзажны парк з сажалкамі і аранжарэяй.

Пружанскі маршалак Валенцій Швыкоўскі быў вядомы сваёй мецэнацкай дзейнасцю і талентам у кіраванні гаспадаркай. У 1863 годзе ён ідэйна і фінансава падтрымаў паўстанцаў, таму пасля падаўлення паўстання на яго маёмасць быў накладзены арышт, а сам Швыкоўскі быў вымушаны пакінуць Пружаны. Пакуль Валенцій знаходзіўся ў эміграцыі, яго жонка Гермінія спрабавала дамагчыся справядлівасці: пісала лісты імператару з патрабаваннем памілаваць мужа. У выніку, ужо ў 1867 годзе арышт маёмасці знялі і Швыкоўскі змог вярнуцца ў радавое гняздо. Там ён пражыў яшчэ каля 20 гадоў, займаючыся сельскай гаспадаркай, а потым прадаў свой паспяховы маёнтак. 

Зараз у будынку сядзібы працуе музей, у якім распавядаецца пра побыт шляхецкай сядзібы канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў і пра гісторыю і традыцыі рэгіёна. У музеі захавалі арыгінальную планіроўку сядзібы і аднавілі некаторыя інтэр'еры.

 

 

Лінава

Пружанскі раён Брэсцкай вобласці
52.493674, 24.480082

Калі пасля насычанага падарожжа ў цябе яшчэ засталіся сілы, можаш даехаць да пасёлка Інтэрнацыянальны, дзе знаходзіцца закінутая сядзіба Трэмбіцкіх «Лінава». Кобрынскі шляхціч Вінцэнт Трэмбіцкі набыў маёнтак на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў і ўзвёў тут сядзібу ў класічным стылі. У сядзібе захоўвалася велізарная бібліятэка аднаго з нашчадкаў Вінцэнта, Уладзіслава Трэмбіцкага – некалькі тысяч тамоў. На пачатку ХХ стагоддзя будынак стаў цеснаватым для вялікай сям'і, і тады яго вырашылі перабудаваць – але скончыць не паспелі: перашкодзіла Першая Сусветная. У часы СССР у будынку размясцілі адміністрацыю крухмальнага завода (а сам завод працаваў у сядзібным бровары). Калі завод зачыніўся, сядзіба стала прыходзіць у заняпад.

 

Фота: palasatka, saniamurashka

|

Маршруты

Аўтар:   34travel

  5303

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Маршрут: Едзем у Будслаў і ваколіцы

Таямнічыя старажытныя помнікі, прыўкрасныя храмы і велічны парк.

Маршрут: Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку

Выпраўляемся ў насычанае падарожжа на KIA Rio.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Едзем на захад ад Менска: старадаўнія сядзібы і велічныя храмы

Пабадзяцца ля разбураных сцен, палюбавацца храмамі і адшукаць круглае возера.

Маршрут: Гальшаны, Ашмяны і мясціны Багушэвіча за адну паездку

Ціхія мясціны з гісторыяй і цудоўнымі краявідамі.

10 класных месцаў у межах 50 км ад Менска

Разнастайныя ідэі для кароткай вандроўкі са сталіцы.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш